Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.09.2021

Мінпрацы падрыхтавала змяненні ў ПК па ўкараненні камбінаванай дыстанцыйнай работы

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінпрацы падрыхтавала змяненні ў ПК па ўкараненні камбінаванай дыстанцыйнай работы. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на міжнароднай канферэнцыі "Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека", якая праходзіць у Мінску 13-14 верасня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сёння маем стабільны рынак працы. Узровень беспрацоўя ў шэрагу еўрапейскіх краін даволі высокі, у нас жа па выніках 2020 года, бягучага года ўзровень беспрацоўя - меншы за 4 працэнты. У студзені 2020 года былі прыняты змяненні ў Працоўны кодэкс. Мы прынялі новыя, гібкія формы занятасці - дыстанцыйную працу, якая дала магчымасць нашаму рынку працы спакойна перажыць 2020 год. І сёння, бачачы сур'ёзныя пасылы і патрэбнасці рынку працы да гэтых дыстанцыйных форм занятасці, мы ідзём далей і падрыхтавалі новыя змяненні ў ПК у частцы камбінаванай дыстанцыйнай работы. Гэта запатрабаванне з боку работадаўца", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Яна ўдакладніла, што прайшла ўжо сур'ёзная дыскусія з органамі дзяржаўнага кіравання, наймальнікамі, падрыхтаваны праект на фінальнай стадыі перад прадстаўленнем яго ўраду. А ў наступным годзе ён будзе разгледжаны дэпутатамі ў двух чытаннях.

Міністр нагадала, што ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку вызначаны галоўнымі мэтамі дастойная праца, справядлівая зарплата, здаровыя ўмовы працы і сацыяльная абарона працоўных.

Форум сабраў разнастайную экспертную супольнасць - гэта аўтарытэтныя і знакавыя айчынныя і замежныя спецыялісты, эксперты ў галіне міжнароднага права, прадстаўнікі арганізацый і структур ААН, судовых органаў, паслы замежных краін, дэпутаты, грамадскія дзеячы. На працягу двух дзён яны абмяркуюць ініцыятывы для захавання стабільнасці ў свеце і асноўных правоў людзей. Адным з цэнтральных пытанняў форуму стане незаконнасць прымянення эканамічных санкцый.

"На канферэнцыі мы абмяркоўваем пытанне развіцця эфектыўнага рынку працы, а, самае галоўнае, права на свабоднае прыняцце рашэння, як будзе развівацца наша краіна. Тое, што сёння адбываецца ў свеце, - гэта парушэнне норм міжнароднага права і супярэчыць Статуту МАП. Сацыяльна-працоўныя гарантыі, рынак працы, усё, на што сёння Еўрапейскі Саюз, ЗША і іншыя краіны, аб'явіўшы нам санкцыі, як ні сумна, спрабуюць паўплываць. Развіццё краіны - гэта стварэнне дабаўленай вартасці, якая робіцца рукамі нашых працоўных рэсурсаў, - адзначыла Ірына Касцевіч. - Выклікі, якія паставіў перад намі Еўрапейскі саюз у выглядзе санкцый, прымусілі нас кансалідавацца, каб не дапусціць зніжэння эканамічнага росту і забяспечыць стабільны рынак працы. Людзі не павінны страціць сваё рабочае месца, зарплату. Мы павінны забяспечыць якаснае жыццё нашых грамадзян".

Па выніках канферэнцыі плануецца выпрацоўка рэзалюцыі, якая будзе накіравана ЕС, МАП і ААН, каб заклікаць міжнародныя арганізацыі прымяніць ахоўныя механізмы.