Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.03.2021

МПЗ: электрамабілі вызвалены ад транспартнага падатку да канца 2025 года

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Электрамабілі вызвалены ад транспартнага падатку да канца 2025 года. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі "Транспартны падатак для фізічных асоб у Беларусі. Асаблівасці выплаты ў 2021 годзе" начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не будуць выплачваць транспартны падатак уладальнікі транспартных сродкаў катэгорыі М1, М1G (легкавыя электрамабілі і легкавыя электрамабілі павышанай праходнасці), якія прыводзяцца ў рух выключна электрарухавіком. Такая льгота прадастаўлена да 31 снежня 2025 года", - сказаў Андрэй Кавалеўскі.

Не прызнаюцца прадметам падаткаабкладання транспартныя сродкі, якія маюць год выпуску 1991-ы і раней. Таксама падаткам не абкладаюцца транспартныя сродкі, спецыяльна абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі.

Яшчэ адна катэгорыя - транспартныя сродкі, знятыя з уліку да 1 ліпеня 2021 года. Па іх нават за некалькі месяцаў валодання ў бягучым годзе не будзе налічвацца транспартны падатак.

Калі транспартны сродак прайшоў дзяржтэхагляд, атрыманы допуск да ўдзелу ў дарожным руху, выплачана дзяржпошліна, транспартны падатак будзе налічвацца толькі пасля завяршэння тэрміну дзеяння такога допуску.

Падатковы кодэкс прадугледжвае два выпадкі, калі стаўка транспартнага падатку зніжаецца. "Калі транспартны сродак зарэгістраваны за інвалідам 1-й або 2-й групы, ветэранам ВАВ, асобай, якая дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, або асобай, якая мае права на пенсію са зніжэннем такога ўзросту, стаўка падатку змяншаецца на 50 працэнтаў. Але пры адной важнай умове: у гэтай фізічнай асобы павінна быць дзеючае вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі. Напрыклад, калі за пенсіянерам зарэгістраваны легкавы і грузавы аўтамабілі, а ў яго вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В, то па легкавым аўто стаўка будзе зніжана на 50 працэнтаў, па грузавым будзе без паніжэння", - адзначыў начальнік упраўлення.

Для інвалідаў 3-й групы прадугледжана зніжэнне стаўкі на 25 працэнтаў, але таксама пры наяўнасці дзеючага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі.

Падатковым кодэксам мясцовым органам улады прадастаўлена права вызваляць любога плацельшчыка (фізічную асобу) ад выплаты транспартнага падатку ў сувязі са знаходжаннем такога чалавека ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Андрэй Кавалеўскі нагадаў: транспартны падатак будзе выплачвацца пасля завяршэння каляндарнага года, у тэрмін да 15 лістапада года, што ідзе за справаздачным. Г.зн. транспартны падатак за 2021 год падлягае выплаце да 15 лістапада 2022 года на падставе паведамлення, якое будуць накіроўваць падатковыя органы да 1 верасня 2022 года.

"У 2021 годзе ўведзена асаблівасць - авансавы плацеж па транспартным падатку. Яго будуць уносіць тыя плацельшчыкі, у якіх на 1 студзеня 2021 года адсутнічаў дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, па якім раней была выплачана дзяржпошліна. Яны будуць абавязаны да 15 снежня на падставе паведамлення падатковага органа заплаціць авансавы плацеж па транспартным падатку", - расказаў прадстаўнік МПЗ.

Стаўкі авансавага плацяжу фіксаваныя, складаюць адну базавую велічыню за аўто (цяпер 1 БВ - Br29), за матацыкл і прычэп - Br20. У наступным годзе такія плацельшчыкі правядуць даплату транспартнага падатку да агульнаўстаноўленых ставак.