Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.02.2021

НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы 15-22 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Ён прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. "У 2021 годзе, вызначаным у нашай краіне як Год народнага адзінства, асаблівае значэнне набывае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН. Менавіта гэта ўстанова забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства", - адзначылі ў прэс-службе.

У гэтым годзе інстытут запланаваў правесці шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку круглыя сталы і прэзентацыі. Так, 15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзе праведзены круглы стол "Акадэмік Яўхім Карскі - заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф". Мерапрыемства праводзіцца да 160-годдзя вучонага і 100-годдзя Інбелкульта.

16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі "Шкляр Г.З. Выбраныя працы. Моўная спадчына" і круглы стол "Беларуская мова ў кітабах". Кітабы ствараліся з XVI стагоддзя татарамі, якія пасяліліся ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта шматмоўныя рукапісы, у якіх дамінуе тагачасная беларуская народна-дыялектная мова, пры гэтым напісаныя арабскім пісьмом. У кітабах адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты - каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў.

17 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН адбудзецца сустрэча з навучэнцамі, настаўнікамі і дырэктарам гімназіі нумар 25 Мінска. У праграме сустрэчы - знаёмства з работай айчынных вучоных-мовазнаўцаў, навукова-практычны семінар на тэму "Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні беларускай мовы" і гульня-віктарына па фразеалогіі і безэквівалентнай лексіцы.

18 лютага будзе праведзены трэці адкрыты конкурс расказчыкаў беларускай народнай прозы "Кацігарошак". Таксама запланавана прэзентацыя электроннага перавыдання класічнай працы Івана Насовіча "Словарь белорусского наречия" - галоўнай крыніцы слоўнікаў беларускай мовы канца ХІХ - першай палавіны ХХ стагоддзя. У электронным перавыданні слоўніка змешчаны арыгінальны і асучаснены рэестры, арыгінальны тэкст і дадаткі. Яно дапоўнена матэрыяламі крытычнага, біяграфічнага і бібліяграфічнага характару, забяспечана магчымасцю пошуку па тэксце і па ключавых словах, падабраных да аўтарскіх рускамоўных дэфініцый. Адрасавана мовазнаўцам, гісторыкам, этнографам, фалькларыстам і ўсім, каго цікавіць беларускае слова.

19 лютага ў 13.00 адбудзецца рэспубліканскі дыктант па беларускай мове. Прыняць удзел у дыктанце можна як непасрэдна ў памяшканні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН, так і ў фармаце анлайн. Для ўдзелу неабходна будзе прайсці рэгістрацыю (запоўніць Google-форму). А ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН пройдзе прэзентацыя дакументальнага фільма "Гаворкі Беларусі" аб дыялектных групах гаворак беларускай мовы і іх адметных асаблівасцях.

22 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН будзе праведзены круглы стол "Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства". Удзел у пасяджэнні прымуць супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, члены экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, спецыялісты Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН, выкладчыкі ВНУ. Круглы стол уключаны ў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў Беларусі 2021 года пад знакам Года народнага адзінства.

Міжнародны дзень роднай мовы - штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА. Яго галоўная мэта - захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.