Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.06.2021

Неабходнасць змен у адукацыі сапраўды наспела - Андрэйчанка

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходнасць змен у адукацыі сапраўды наспела, заявіў у час парламенцкіх слуханняў "Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення" старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У эпоху глабалізацыі барацьба за інтэлектуальныя рэсурсы планеты максімальна абвастраецца. У гэтых умовах перспектывы забеспячэння суверэнітэту, устойлівага развіцця і народнага адзінства непасрэдна залежаць ад чалавечага капіталу. Паколькі галоўным крытэрыем яго якасці з'яўляецца адукацыя, то стварэнне адукацыйнай сістэмы новага тыпу, здольнай гібка рэагаваць на выклікі часу, фармулюецца цяпер як ключавая дзяржаўная задача ва ўсім свеце", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Такая задача была пастаўлена і на VI Усебеларускім народным сходзе. "Нам трэба будзе сёння высветліць, наколькі папраўкі, якія ўносяцца ў Кодэкс аб адукацыі, адпавядаюць патрэбнасцям дня сённяшняга і што нам трэба рабіць у далейшым для дасягнення гэтай мэты. Неабходнасць змен у адукацыі сапраўды наспела. Але гэта не значыць, што мы павінны адмовіцца ад існуючых падыходаў у гэтай сферы, якія на практыцы даказалі сваю эфектыўнасць. Лічу, што мы ўсе падзяляем гэту прынцыповую пазіцыю кіраўніка дзяржавы, - адзначыў спікер. - Размова хутчэй ідзе аб тонкай настройцы некаторых важных элементаў айчыннай школы, якая дасць магчымасць ёй больш паспяхова спраўляцца з галоўнай функцыяй - падрыхтоўкай маладога пакалення да жыцця і прафесійнай дзейнасці перад тварам выклікаў сучаснай эпохі".

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што вынікам лічбавізацыі эканомікі стала бурная кадравая рэвалюцыя і гэты працэс будзе толькі нарастаць. "Многія прафесіі ўжо ў недалёкай будучыні або зусім знікнуць, або іх заменіць штучны інтэлект. Калі мы не прымем своечасовых мер, то нашы ВНУ рызыкуюць выпускаць спецыялістаў, якія ў будучым проста нікому не будуць патрэбны. У прынцыпе, ужо сёння многія кампаніі аддаюць перавагу самастойнай падрыхтоўцы кадраў, таму што гэта хутчэй і танней, чым іх перавучваць, - расказаў ён. - Каб павысіць канкурэнтаздольнасць нашых грамадзян на рынку працы, давядзецца актыўна перабудоўваць сістэму прафесійнай падрыхтоўкі, умацоўваючы сувязь адукацыі, навукі і вытворчасці, улічваючы аспекты рэгіянальнай палітыкі і робячы стаўку на кампетэнцыі, запатрабаваныя эканомікай ведаў. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе пэўнага змяшчэння акцэнтаў у змесце адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу, паколькі аб'ём ведаў у свеце бесперапынна павялічваецца і засвойваць іх традыцыйнымі метадамі становіцца практычна немагчыма".

Зразумела ж, важна ўзбройваць маладых людзей пэўным наборам ведаў. Але намнога важней навучыць іх творча мысліць, самастойна арыентавацца ў бясконцым інфармацыйным моры і прывіць патрэбнасць вучыцца на працягу ўсяго жыцця. "У гэтым плане складана пераацаніць ролю лічбавых тэхналогій, якія даюць магчымасць вынаходзіць крэатыўныя адукацыйныя мадэлі і гібкія траекторыі навучання з улікам індывідуальных асаблівасцей, патрэбнасцей і імкненняў навучэнцаў. Аднак пры ўсіх сваіх перавагах інтэрнэт-тэхналогіі, прафілізацыя навучання і індывідуалізацыя педагагічнага працэсу нясуць у сабе значныя рызыкі, якія мы таксама павінны ўлічваць пры вызначэнні шляхоў развіцця нацыянальнай школы, - заявіў спікер. - Платай чалавецтва за прагрэс становіцца тое, што ў сучасных падлеткаў, якія значны час праводзяць у інтэрнэце, трансфармуюцца памяць і разумовыя здольнасці, зніжаецца матывацыя да вучобы, развіваецца трывожнасць і ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Але галоўнае - узмацняецца атамізацыя грамадства. Замыкаючыся ў сваіх віртуальных клетках, людзі перастаюць успрымаць свет адэкватна, давяраць адзін аднаму, страчваюць навыкі сацыяльнай камунікацыі і калектыўнага вырашэння праблем".

У гэтых умовах падтрыманне сапраўднай чалавечай і грамадзянскай салідарнасці становіцца вельмі складанай задачай для любой дзяржавы. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі грамадства не страчвае традыцыі і маральна-каштоўнасныя арыенціры. "А гэта ж якраз і адбываецца сёння ва ўсім свеце. Стыль сваіх стасункаў у сацыяльных сетках людзі пераносяць у рэальнае жыццё, лічачы, што і тут для іх не існуе ніякіх маральных граніц і сацыяльных абавязацельстваў. Таму сучасныя тэхналогіі трэба ўспрымаць не як панацэю, а як інструмент, якім і педагогі, і іх вучні павінны навучыцца правільна карыстацца, каб па-новаму і з карысцю арганізаваць вучэбны працэс для ўсіх яго ўдзельнікаў. Напрыклад, мы ўсвядомілі карысць аддаленага навучання, якое выручыла нас у час пандэміі. Але гэта не павінна стаць нормай пры навучанні ў звычайных умовах. Анлайн-фармат будзе сапраўды карысны, калі выкарыстоўваць яго для развіцця творчага мыслення, навыкаў самастойнай работы і калектыўнага ўзаемадзеяння пры вырашэнні нестандартных задач. Але мы не павінны забываць, што школа павінна выхоўваць гарманічна развітую асобу і дастойнага члена грамадства, а значыць, фарміраваць у падрастаючага пакалення не толькі прафесійныя навыкі, а цэласнае ўспрыманне свету. І тут жывую размову настаўніка і выхаванца нішто не заменіць", - рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.

На слуханнях абмяркоўваюцца стан і перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. У прыватнасці, узаемадзеянне арганізацый рэальнага сектара эканомікі з установамі прафесійнай адукацыі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў і арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі кадраў у каледжах, удасканаленне адукацыйнага працэсу ва ўстановах вышэйшай адукацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, магчымасці дадатковай адукацыі ў развіцці навыкаў і ўменняў адораных дзяцей і моладзі, роля маладзёжнага руху ў фарміраванні грамадзянскай адказнасці навучэнцаў.

У слуханнях прымаюць удзел парламентарыі і сенатары, прадстаўнікі міністэрстваў і дзяржаўных камітэтаў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў.