Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.09.2021

Падтрымка шматдзетных, пенсійная сістэма і будаўніцтва жылля. Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, на якую былі вынесены шэраг пытанняў сацыяльнай накіраванасці, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы прадставілі некалькі праектаў указаў, якія датычацца падтрымкі шматдзетных сем'яў, пенсійнай сістэмы, будаўніцтва жылля, а таксама грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адпаведныя пытанні патрабуюць дадатковай інфармацыі і публічнага абмеркавання. "Тым больш што яны адчувальныя і для насельніцтва, і для бюджэту. Таму сёння мы разгледзім і прымем рашэнні, знойдзем баланс паміж гэтымі патрэбнасцямі і разнапланавымі інтарэсамі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Праекты падрыхтаваных дакументаў ахопліваюць вялікі блок пытанняў сацыяльнай накіраванасці. Гэта падтрымка шматдзетных сем'яў, развіццё пенсійнай сістэмы, будаўніцтва жылля, а таксама пытанні, звязаныя з рэалізацыяй грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў".

Аб дэмаграфіі і сямейным капітале

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на ўмовы функцыянавання эканомікі, якія змяніліся, вельмі важна не дапусціць зніжэння ўзроўню нараджальнасці. "Маю прынцыповую пазіцыю вы ведаеце - краіна і нацыя развіваюцца, калі ў сем'ях выхоўваюцца як мінімум трое дзяцей. Шматдзетныя сем'і - гэта наш асноўны дэмаграфічны арыенцір. З іншага боку, гэта цяжкая і адказная праца, і дзяржава робіць усё магчымае, каб шматдзетнасць стала нормай для нашага грамадства", - заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў краіне сфарміраваны магутны пакет сацыяльных мер, які ўключае ў сябе дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, фінансавую дапамогу на жыллё, ільготы ў адукацыі і ахове здароўя, падатковай, пенсійнай і працоўнай сферах. Напрыклад, у 2020 годзе на гэтыя мэты было патрачана Br4,7 млрд. У гэтым годзе будзе не менш як Br5 млрд.

"Мы можам адказна сказаць, што падтрымка шматдзетных - гэта сацыяльны брэнд нашай дзяржавы, яе візітная картка", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з 2015 года працуе праграма сямейнага капіталу, якой скарысталіся больш за 100 тыс. шматдзетных сем'яў. "Жыццё паказвае, мы выбралі правільны шлях. Колькасць шматдзетных сем'яў прырастае. За апошнія 10 гадоў - практычна ў два разы. Сёння ў краіне іх больш за 115 тысяч. Механізм праграмы працуе, і працуе эфектыўна. А значыць, трэба развіваць яго далей", - адзначыў Прэзідэнт.

Аднак у сувязі з гэтым ён паставіў пытанне, наколькі апраўдана і своечасова пашырэнне межаў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. "Размываць гэтыя грошы не трэба. А для іншых мэт павінны быць іншыя крыніцы. Нельга разменьваць доўгачасовую падтрымку на імгненныя патрэбнасці. І тут я хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы распрацоўшчыкаў па гэтым пытанні", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб дзяржпадтрымцы пры будаўніцтве жылля

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыллё - самая надзённая патрэбнасць людзей і наспела неабходнасць унесці пэўныя карэктывы ў парадак і ўмовы прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам пры будаўніцтве і набыцці жылых памяшканняў.

"Нават у гэты няпросты момант мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем'яў і прадаставіць ім фінансавую дапамогу пры будаўніцтве жылля да дасягнення дзецьмі 23 гадоў (раней - да 18 гадоў. - Заўвага БЕЛТА)", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Плануецца таксама павялічыць памер дзяржаўнай падтрымкі пражываючым у вёсцы шматдзетным сем'ям, у якіх хаця б нехта адзін, муж ці жонка, працуе ў сельскай мясцовасці.

Акрамя таго, для стымулявання пераезду грамадзян у сельскую мясцовасць прапануецца даць магчымасць маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з абласных цэнтраў і Мінска пабудаваць жыллё з дзяржпадтрымкай у населеных пунктах з колькасцю да 20 тыс. чалавек.

"У існуючай эканамічнай сітуацыі кожны рубель на падліку. Любая дзяржаўная падтрымка павінна быць абгрунтаванай. Таму хачу пачуць, наколькі падлічаны гэтыя прапановы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб развіцці пенсійнай сістэмы

На нараду ў тым ліку вынесены прапанаваныя ўрадам падыходы да далейшага развіцця пенсійнай сістэмы. "Мы павышаем пенсіі пры кожнай фінансавай магчымасці, цудоўна разумеючы, што для большасці пажылых грамадзян гэта асноўная крыніца даходу. У Беларусі звыш 2,5 млн пенсіянераў (прыкладна 510 тыс. - працуючыя). Пенсійныя выплаты перавышаюць Br15 млрд і складаюць 30 працэнтаў агульных расходаў бюджэту краіны", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"Тое, што аб дастойным даходзе ў старасці трэба паклапаціцца загадзя, праз дадатковую добраахвотную пенсійную праграму, - такія пытанні ўзнімаліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Прапановы па падыходах да вырашэння гэтай праблемы падрыхтаваны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць, як прапрацаваны гэтыя падыходы і што трэба зрабіць для шырокага ўкаранення такой праграмы ў Беларусі.

Аб грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятывах

Асобна Прэзідэнт прапанаваў разгледзець новы напрамак работы - механізм рэалізацыі грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў на месцах. "Такія пытанні і перад вамі, і перада мной, асабліва пры сустрэчах у студэнцкіх калектывах, узнімаюцца. Ідэя добрая, ды і напрамкаў такой работы вельмі шмат у грамадстве. Гэта можа быць удзел грамадзян у добраўпарадкаванні тэрыторый сваіх гарадоў і пасёлкаў, у рамонце помнікаў, абеліскаў. Моладзь магла б рэалізаваць праекты, накіраваныя на патрыятычнае, інтэлектуальнае, духоўнае і фізічнае выхаванне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, тут павінна быць выбудавана сістэмная работа на перспектыву. "Гэта і наш ідэалагічны вектар. Пры гэтым трэба забяспечыць пастаяннае суправаджэнне гэтай работы на ўзроўні Савета Міністраў, парламента і асабліва на ўзроўні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Мы павінны абсалютна дакладна разумець, як будзе праходзіць адбор праектаў, хто атрымае сродкі і як будзе кантралявацца іх размеркаванне і выкарыстанне", - сказаў Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў прадставіць аргументаваную пазіцыю ўрада па ўсіх абазначаных пытаннях, а за выкананнем прынятых на нарадзе рашэнняў устанавіць кантроль, забяспечыць якаснае і шырокае інфармацыйнае асвятленне тэм, якія разглядаюцца.