Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.07.2021

Памеры дзяржаўных дапамог на дзяцей павялічацца з 1 жніўня

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) з 1 жніўня ў Беларусі пераглядаюцца памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

БПМ з 1 жніўня ў разліку на месяц устаноўлены ў памеры Br283,46. Ён павысіўся на 3,7 працэнта ў параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 мая 2021 года. Адпаведна павялічваюцца таксама памеры дзіцячых дапамог.

Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, будзе выплачвацца аднаразова ў памеры Br283,46. Пры нараджэнні першага дзіцяці аднаразовая дапамога цяпер складзе Br2834,60, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - Br3968,44. Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў устаноўлена ў памеры Br141,73.

Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда - Br198,42, не маючых інваліднасці - Br141,73. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br283,46 (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў) і Br340,15 (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў). На дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, якое інфіцыравана ВІЧ, дапамога ўстаноўлена ў памеры Br198,42.

Таксама ў сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы за II квартал 2021 года ў Беларусі з 1 жніўня павялічацца дзіцячыя дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Да 31 студзеня 2022 года на першае дзіця яна складзе Br495,74, на другое і наступных дзяцей - Br566,56, а на дзіця-інваліда - Br637,38.

Тэмп росту названых дапамог - 104,8 працэнта да паказчыка ліпеня бягучага года і 115,9 працэнта - да ўзроўню жніўня 2020-га.

У адпаведнасці з законам ад 29 снежня 2012 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў пераразлічваюцца два разы на год.