Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.11.2021

Петрышэнка: мы рэкамендуем СААЗ прыняць меры па хутчэйшым вырашэнні крызісу на граніцы

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь рэкамендуе СААЗ прыняць меры, каб забяспечыць хутчэйшае вырашэнне крызісу на граніцы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка перад сустрэчай з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Хансам Клюге, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Літаральна месяц таму мы сустракаліся з Хансам Клюге ў рамках савета па ахове здароўя краін СНД, тады тэма была COVID, яна актуальная і застаецца на парадку дня, але цяпер узнікла іншая тэма, якая нам прыўнесена звонку, беларускі бок абсалютна яе не ініцыяваў і не садзейнічаў узнікненню сітуацыі, якая ёсць цяпер на граніцы. Яна датычыцца бежанцаў, якія імкнуцца ў Еўрапейскі саюз, а іх усялякімі метадамі, у тым ліку і сілавымі, не пускаюць на тэрыторыю Еўрапейскага саюза", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Ігар Петрышэнка паведаміў, што СААЗ у рамках свайго мандата забяспечвае аказанне і садзейнічанне медыцынскай дапамозе для гэтай катэгорыі асоб. "Але тым не менш у рамках парадку дня, што знаходзіцца на разглядзе СААЗ, гэта садзейнічанне і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, захаванне здароўя жанчын, дзяцей і падлеткаў, гэта самае актуальнае пытанне. Гэту праблематыку абмяркоўваем сёння з Хансам Клюге. Больш таго, мы ініцыявалі пытанне, каб ён давёў праўдзівую і аб'ектыўную інфармацыю да кіраўніцтва СААЗ, каб былі прыняты адпаведныя рашэнні", - сказаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што Беларусь, з'яўляючыся членам Выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, будзе ініцыяваць пазачарговае пасяджэнне выканкама, каб падрабязна разгледзець інфармацыю аб тых непрапарцыянальных і жорсткіх дзеяннях польскага боку, якія не адпавядаюць нормам і прынцыпам міжнароднага права. "Каб усе нашы калегі, якія з'яўляюцца членамі СААЗ, паглядзелі, як забяспечваецца захаванне ў двукоссі здароўя з боку Еўрапейскага саюза. Нам важна эфектыўнае садзейнічанне, мы не зацікаўлены, каб гэты лагер, які мы забяспечылі адпаведнымі бытавымі ўмовамі, існаваў працяглы час. Мы настойліва рэкамендуем прыняць сапраўды дзейсныя меры для таго, каб забяспечыць хутчэйшае вырашэнне гэтага крызісу на граніцы", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.