Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.05.2021

Работа эканомікі, адказ на санкцыі, развіццё чарнобыльскіх тэрыторый - Лукашэнка прыняў з дакладам Галоўчанку

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Аб рабоце эканомікі

У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай эканомікі: "У першым прыбліжэнні, што мы маем за першы квартал?" Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што галоўнае нават не вынікі першага квартала, а ацэнка на перспектыву - што будзе ў будучым, на што плануецца выйсці па выніках года, таксама з улікам праблемных момантаў.

"Я чытаю ў сродках масавай інфармацыі розныя прагнозы: МВФ, Сусветны банк дае ацэнкі і многія іншыя, нашы дамарослыя аналітыкі. Але я ж не першы год бачу гэтыя вынікі і прагнозы: яны ні разу не былі аб'ектыўнымі, і мы ні разу не працавалі так, як яны прагназуюць. Таму самы дакладны прагноз павінен быць ва ўрада: што мы ўсё ж такі будзем мець з улікам праблем, якія існуюць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб санкцыйных мерах у адказ

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адна з такіх праблем - гэта спроба запалохаць Беларусь санкцыямі. Ён падкрэсліў, што нельга пакідаць гэта без адказу. "Асабліва еўрапейцы стараюцца ў гэтым. Я не буду тут гаварыць, выказваць нейкія меркаванні, проста скажу, каб вы разумелі: калі еўрапейцы хочуць праблем у сябе ў сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх атрымаюць. Больш нічога не буду гаварыць. Час пакажа. Але вас папрашу, як гэта было перад амерыканскім гэтым казыраннем у эканоміцы, дайце мне інфармацыю аб найбольш буйных еўрапейскіх праектах у нас і прадпрыемствах, якія створаны на тэрыторыі Беларусі: паглядзім на іх работу", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Таксама ён паставіў ураду задачу разам з Міністэрствам замежных спраў паглядзець на дзейнасць у Беларусі па так званых заходніх гуманітарных праграмах.

"Гэтыя некамерцыйныя арганізацыі, замежныя агенты, розныя бандыты, якія ўчыняюць тут абдзіралаўку і іншае. Я даручаў кіраўніку Адміністрацыі, вы Сергяенку перадайце, што я на кантролі гэта трымаю. Мы дамаўляліся аб перарэгістрацыі і гэтых арганізацый, і сродкаў масавай інфармацыі, - нагадаў Прэзідэнт. - А то яны нас трымаюць на кароткім павадку і пачынаюць пастаянна, калі гэта ім захочацца, цягнуць. Выгадна, нявыгадна - яны ўжо, я бачу, аб гэтым не думаюць. Ну не думаюць - добра, будуць у Расію ездзіць праз... Будуць хадзіць па Балтыцы, перавозіць грузы, і вакол Іспаніі - у Міжземнае мора і праз Чорнае мора, калі ім дрэнна з нармальнай Беларуссю ў цэнтры Еўропы".

"Наогул я заўсёды задаю пытанне: каму гэта выгадна і навошта? Слухайце, мы абараняем сваю краіну, і мы з вамі, і ўвесь народ хочам жыць у сваёй краіне. Мы яе абараняем. Нас што за гэта санкцыямі па галаве? Таму трэба адказваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А так мы па-беларуску: галаву схаваем у пясок, як страусы, і думаем, ну добра, вытрымаем, выцерпім. Не. Трэба паказваць, што мы нацыя і ў нас ёсць свая зямля, свая краіна".

Аб барацьбе з наступствамі пандэміі

Акрамя таго, у час сустрэчы размова ішла аб фінансаванні антыкавідных мер. Кіраўнік дзяржавы таксама актуалізаваў важнасць падтрымкі ўрачоў і медперсаналу, якія працуюць у чырвоных зонах.

"Мне дакладвалі ў час маёй паездкі, ёсць нейкія праблемы (калі яны ёсць, вядома) па фінансаванні антыкавідных мер. Вядома, вялізныя грошы мы затрацілі. Апошнія нягоднікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам, абсалютна. Хоць і СААЗ, і ААН пастаянна заяўляюць, што трэба падтрымаць некага і іншае. Ну, не дапамаглі і не трэба, не просім мы іх. Не, трэба ж закруціць гайкі, трэба пагоршыць тут сітуацыю, - сказаў Прэзідэнт. - Як у нас тут ідуць справы? Галоўнае пры гэтым - мы лячылі і будзем лячыць сваіх людзей. І, дай бог, каб у нас гэта праблема была ліквідавана так, як яна цяпер ліквідуецца. Каб мы тых урачоў, якія ўсё ж такі працуюць у чырвоных зонах з кавід-хворымі, падтрымлівалі".

Аб аднаўленні чарнобыльскіх рэгіёнаў

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы таксама звярнуўся да праблематыкі, якая абмяркоўвалася ў час яго нядаўняй рабочай паездкі па раёнах, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тады было вырашана да верасня выпрацаваць новую праграму па развіцці адпаведных тэрыторый.

"Нам не трэба агулам, як мы звычайна гэта рабілі, вырашаць чарнобыльскую праблему. Трэба вызначыцца ў кожным раёне, аграгарадку, што мы там павінны зрабіць. Трэба аднавіць той узровень жыцця і бяспекі, які быў да чарнобыльскай катастрофы. Усе праблемы абазначаны, трэба толькі вызначыцца, дзе мы нешта зробім. І для людзей давядзецца ствараць неабходныя ўмовы: інфраструктура плюс жыллё. Таму што прадпрыемствы мы пабудуем, але хто будзе працаваць на іх? - сказаў Прэзідэнт. - Трэба вось гэту завяршальную праграму прыняць, каб выраўнаваць узровень чарнобыльскіх рэгіёнаў".

Аб супрацоўніцтве з Расіяй

Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў Рамана Галоўчанку далажыць аб выніках міжурадавага савета ЕАЭС у Казані, падрабязнасцях яго перагавораў з расійскім прэм'ерам Міхаілам Мішусціным. "Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што вы з Мішусціным сустрэнецеся на гэтым этапе і паспрабуеце, калі гэта магчыма, канчаткова выкрышталізаваць хаця б тыя пытанні, якія, магчыма, давядзецца яшчэ канчаткова ўрэгуляваць на ўзроўні прэзідэнтаў. Я прапанаваў гэта зрабіць на Вышэйшым дзяржсавеце, дзе будуць прысутнічаць усе: і прэм'еры, і кіраўнікі нашых парламентаў. Але да гэтага трэба падысці", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Раман Галоўчанка коратка выказаўся аб выніках работы эканомікі ў першым квартале гэтага года. Паводле яго слоў, дасягнутыя вынікі сведчаць аб тым, што эканоміка выйшла на траекторыю росту. Валавы ўнутраны прадукт крыху вырас і склаў амаль 101 працэнт. "Мы ідзём з апярэджаннем прагнозу, і далей траекторыя ўзыходзячая. За чатыры месяцы чакаем 101,4 працэнта, за паўгоддзе плануем выйсці амаль на 102 працэнты", - заявіў прэм'ер-міністр. Ён дадаў, што асноўным драйверам росту сярод галін стала прамысловасць.-0-