Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.03.2021

Рост зарплат і ўдасканаленне пенсійнай сістэмы - Петрышэнка абазначыў прыярытэты для сацсферы

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2020 годзе забяспечаны прырост узроўню даходаў насельніцтва - галоўнага індыкатара дабрабыту грамадзян. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, выступаючы на пасяджэнні калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

"У мінулым годзе ўстойліва павышалася заработная плата. Яе рэальны тэмп росту ў эканоміцы ў цэлым склаў 108,2 працэнта, па бюджэтнай сферы - больш за 113 працэнтаў. Выкананы галоўны мэтавы арыенцір - суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне перавысілі 80 працэнтаў. Практычна поўнасцю вырашылі задачу па зніжэнні колькасці арганізацый з зарплатай меншай за Br500", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. У той жа час статыстыка за студзень гэтага года сведчыць, што яшчэ даволі значная колькасць арганізацый знаходзяцца ў памежным стане і не маюць устойлівага перавышэння над зададзеным параметрам. Пастаўленую задачу па такіх арганізацыях неабходна выканаць да канца першага квартала.

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, на бягучы год задача больш амбіцыйная - падцягнуць зарплату ў арганізацыях, у якіх яна не перавышае сярэднюю па галіне. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што кожная з іх павінна знаходзіцца ў пастаянным полі зроку міністэрства, неабходны аналіз дастатковасці і рэзультатыўнасці мер, якія прымаюцца на месцах. "Што датычыцца бюджэтнай сферы, то тут патрэбна дакладная стратэгія, як будзем рухацца далей. Мэтавыя задачы вызначаны, у тым ліку па асобных катэгорыях работнiкаў - педагогах, урачах і іншых. Цалкам відавочна, што тут давядзецца задзейнічаць усе магчымыя крыніцы і рэзервы - ад развіцця пазабюджэтнай дзейнасці да аптымізацыі сеткі і пераходу на нарматыўна-мэтавы прынцып бюджэтавання галін. Пры гэтым Міністэрству працы і сацыяльнай абароны неабходна больш прадметна займацца пытаннямі заработнай платы ва ўласнай галіне. Гэта ваш кадравы патэнцыял", - звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што апошнім часам пытанні занятасці насельніцтва набылі асаблівую значнасць з улікам бягучай сітуацыі на рынку працы. Месяц таму пытанні занятасці праз прызму дэкрэта нумар 3 былі тэмай прадметнага разгляду на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. "Створаны дэкрэтам механізм з'яўляецца важным інструментам сацыяльнай палітыкі і павінен быць у поўнай меры выкарыстаны для вырашэння пастаўленых задач. Неабходна далейшае развіццё механізмаў стымулявання занятасці асобных катэгорый насельніцтва", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Ключавым напрамкам работы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў бягучай пяцігодцы застаецца выпрацоўка эфектыўных мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, забеспячэнне стабільнасці дэмаграфічнага развіцця. "Так, вельмі шмат зроблена за папярэднія гады. Разам з тым вастрыня дэмаграфічных праблем патрабуе прыняцця далейшых рэзультатыўных крокаў. На Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт даручыў распрацаваць праграму "Шматдзетная Беларусь", напоўніць яе дзейснымі мерамі, здольнымі даць дадатковы дэмаграфічны эфект", - канстатаваў Ігар Петрышэнка.

Важнейшым інструментам падтрымкі грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аб'ектыўна маючых нізкі ўзровень даходаў, з'яўляецца сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. "Толькі за 2020 год яе атрымальнікамі сталі звыш 305 тыс. чалавек, што на 3,5 працэнта больш у параўнанні з 2019 годам. Сума прадстаўленай дапамогі павялічылася на 19 працэнтаў і склала Br112,4 млн. Тут таксама ёсць нямала рэзерваў для павышэння эфектыўнасці, спрашчэння адміністрацыйных працэдур", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што на парадку дня застаюцца пытанні далейшага ўдасканалення пенсійнай сістэмы. "Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны сёння з'яўляецца атрымальнікам пенсійных выплат. Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на названыя мэты перасягнулі ў 2020 годзе Br13,3 млрд. Гэта больш за 9 працэнтаў ВУП. У няпростых эканамічных умовах не дапушчана зніжэння пакупной здольнасці пенсій. Іх рост у рэальным выражэнні забяспечаны на ўзроўні 4 працэнтаў", - адзначыў ён.

Віцэ-прэм'ер закрануў і блок пытанняў, якія датычацца сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. "Актуальнасць і значнасць гэтых пытанняў для эканомікі і грамадства будуць толькі нарастаць. Да 2030 года кожны пяты жыхар нашай краіны перасягне 65-гадовы рубеж. Таму ўжо сёння мы павінны бачыць абсалютна выразныя перспектывы вырашэння не толькі бягучых праблем, але і задач сярэдне- і доўгатэрміновага характару. Патрабуе глыбокага змястоўнага напаўнення работа па рэалізацыі зацверджанай урадам нацыянальнай стратэгіі "Актыўнае даўгалецце - 2030". Гэта тэма павінна праходзіць чырвонай ніткай праз усе праводзімыя ў краіне мерапрыемствы як на рэспубліканскім, так і на мясцовым узроўні", - заявіў ён.

Таксама Ігар Петрышэнка выказаў меркаванне, што сферай асаблівай увагі міністэрства і мясцовых органаў улады павінна заставацца сацыяльная падтрымка асоб з інваліднасцю, іх комплекснай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства. "Вектар у гэтай рабоце павінен зрушвацца ад поўнага дзяржаўнага патэрналізму ў бок стварэння належных умоў для нармальнай жыццядзейнасці названай катэгорыі грамадзян. Неабходна актыўна вывучаць і ўкараняць існуючы перадавы вопыт, прымаць меры па пашырэнні магчымасцей для забеспячэння максімальнай занятасці людзей з інваліднасцю, што адпавядае іх інтарэсам і патрэбам грамадства, прадугледзець укараненне новых форм работы і падтрымкі канструктыўных ініцыятыў", - рэзюмаваў намеснік прэм'ер-міністра.