22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння - 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - памятная дата, якая адзначаецца на дзяржаўным узроўні. У памяць аб першым дні вайны ў розных кутках нашай краіны штогод праходзяць памятныя і ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам Прэзідэнта, вышэйшых службовых асоб, ветэранаў, працоўных калектываў, прадстаўнікоў маладзёжных і грамадскіх арганізацый, а таксама гасцей з замежных краін.
На світанні 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Пачалася рэалізацыя плана "Барбароса", згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР.
На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.
Пад прыкрыццём артылерыі нямецка-фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адчальваць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістралей і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі вылучаны спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.
Ужо ў 10.45 22 чэрвеня намеснік начальніка Заходняй пагранічнай акругі камбрыг Курлыкін дакладваў у штаб: "Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца".
Стойкасць пагранічнікаў, іх масавы гераізм парушалі планы германскага камандавання, якое выдзяляла на падаўленне пагранічных застаў 30 хвілін. Гітлераўцы захапілі Брэст і цалкам акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі змагацца ў крэпасці да 20-х чысел ліпеня 1941 года.
У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.
У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі ў час вайны камандавалі 217 генералаў і адміралаў - беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар, Лізюкоў, Сычэнка і многія іншыя. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Гаравец збіў дзевяць варожых самалётаў. Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў.
Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Сёння ў 3.30 на плошчы Цырыманіялаў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" пачнецца памятны мітынг з ускладаннем кветак да Вечнага агню. Таксама ва ўсіх раёнах рэгіёна пройдуць мерапрыемствы з мінутай маўчання. Цэнтральнай падзеяй стане мітынг-рэквіем ля Брацкай магілы нумар 430 у аграгарадку Лясная Баранавіцкага раёна з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці.
У Гомельскай вобласці пройдзе маладзёжная акцыя "Ніхто не забыты. Нішто не забыта", а на пл. Працы ля Вечнага агню адбудзецца мітынг-рэквіем.
У Гродзенскай вобласці ва ўсіх раёнах пройдуць памятныя мітынгі з мінутай маўчання на прадпрыемствах, дзіцячых аздараўленчых лагерах, сельсаветах. Цэнтральным мерапрыемствам стане памятны мітынг у парку імя Жылібера ў Гродне з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, працоўных калектываў. Памятны мітынг таксама адбудзецца ля помніка Савецкім пагранічнікам у Гродне.
У Магілёўскай вобласці цэнтральным стане мерапрыемства на мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле", асноўным - мітынг-рэквіем ля Брацкай магілы савецкіх ваеннапалонных, знішчаных фашыстамі ў Бабруйскай крэпасці.
У Мінскай вобласці абласное мерапрыемства пройдзе на мемарыяльным комплексе "Хатынь" і аб'яднае амаль 500 чалавек.
У Мінску адбудзецца памятная цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі з удзелам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Памятныя мерапрыемствы з мінутай маўчання пройдуць ля Брацкай магілы невядомага салдата, на пляцоўцы каля брацкай магілы па пр. Дзяржынскага, на плошчы Перамогі ля Вечнага агню, мемарыяльным комплексе "Масюкоўшчына", могілках "Ваенныя", Брацкай магіле па вул. Талбухіна. Мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва Мінгарвыканкама адбудзецца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец".