Афіцыйны сайт
3 мая 2021

У Беларусі пачалася рэгістрацыя на ЦТ

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне пачалася 2 мая і завершыцца 1 чэрвеня, паведамляе БЕЛТА.

Прайсці рэгістрацыю можна ў адной з устаноў адукацыі, якія вызначаны пунктамі рэгістрацыі. Як правіла, гэта і пункты правядзення ЦТ. Рэгістрацыя для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні, калі абітурыент па ўважлівай прычыне не змог прайсці яго ў асноўныя дні, будзе праходзіць з 2 па 9 чэрвеня.

Пры рэгістрацыі падаецца заява на адной з дзяржаўных моў - беларускай або рускай. Зрабіць гэта можна ў пісьмовай форме асабіста, а можна і падаць заяўку праз электронную форму на сайце РІКВ. Пасля аплаты за прыём і афармленне дакументаў абітурыенту абавязкова трэба падысці ў прапанаваны пункт рэгістрацыі і асабіста забраць пропуск (або пропускі) на ЦТ па выбраных прадметах - не пазней за 1 чэрвеня.

Усяго будзе працаваць 41 пункт рэгістрацыі на ЦТ: у Брэсцкай вобласці - гэта 4 ВНУ, у Віцебскай - 3 ВНУ і адзін каледж, Гомельскай - 5 ВНУ і каледж, Гродзенскай - 2 ВНУ і 2 каледжы, Мінскай - 3 каледжы, Магілёўскай - 4 ВНУ і 3 каледжы, у Мінску - 13 ВНУ. Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовыя дні і яго правядзення выбраны 6 устаноў: БДУ, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.Сухога, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я.Купалы.

ЦТ пачынаецца 16 чэрвеня з беларускай мовы. Далей 18 і 19 чэрвеня - тэсты па рускай мове, 21-га - па грамадазнаўстве, 23 і 24 чэрвеня - па матэматыцы. Астатнія прадметы - біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя - стартуюць з 26 чэрвеня і праходзяць праз дзень.

Па два дні адводзіцца на рускую мову і матэматыку, каб выканаць санітарна-эпідэмічны рэжым - як правіла, жадаючых здаць ЦТ па гэтых прадметах больш за ўсё. Ва ўсіх пунктах ЦТ запланавана дастатковая колькасць месцаў для абітурыентаў. Павялічваецца колькасць аўдыторый для правядзення ЦТ, забяспечаны і іншыя меры бяспекі. Абітурыентам рэкамендавана мець ахоўныя маскі.-0-