Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.06.2021

У Брэсцкай вобласці з 1 ліпеня ўведзены мясцовы збор за перасячэнне граніцы

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці з 1 ліпеня ўведзены мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай граніцы Беларусі ў пунктах пропуску. Гэта прадугледжана рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 24 мая 2021 г. нумар 247, якое сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Стаўка збору за перасячэнне граніцы ўстаноўлена ў памеры 1 базавай велічыні за адзін транспартны сродак незалежна ад колькасці.

Ад выплаты збору вызвалены транспартныя сродкі, на якіх едуць: асобы, што выязджаюць пасля пахавання ў Беларусі членаў сям'і і блізкіх сваякоў, пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў; замежныя грамадзяне, якія выязджаюць пасля знаходжання на санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях Беларусі, пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў; іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія перамяшчаюцца па дакументах, што пацвярджаюць ступень цяжару і выражанасці цяжкасцей фізічнай актыўнасці і ўдзелу 75-100 працэнтаў, выдадзеных кампетэнтнымі органамі дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці або звычайнага месца жыхарства замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія выязджаюць з Беларусі па пастановах (рашэннях) кампетэнтных органаў аб дэпартацыі (высылцы). Акрамя таго, вызвалены ад выплаты збору замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, для якіх устаноўлены бязвізавы парадак уезду ў нашу краіну і выезду з яе ў сувязі з правядзеннем Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пры наяўнасці арыгінальных або электронных білетаў на мерапрыемствы фестывалю ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале "Віцебск".

Гэта рашэнне дзейнічае да 1 студзеня 2023 года.