Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.02.2021

Урад зацвердзіў заданні па экспарце на 2021 год

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў заданні па экспарце тавараў па краінах на 2021 год. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 15 лютага 2021 года нумар 89 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Урад даручыў кіраўнікам загранустаноў, службовым асобам, замацаваным за краінамі, забяспечыць павелічэнне аб'ёмаў экспарту тавараў не ніжэйшае за зацверджаныя дакументам паказчыкі. Кантраляваць выкананне паказчыкаў будзе МЗС.

Так, паводле ацэнкі ўрада, экспарт тавараў у Расію ў 2021 годзе павінен вырасці не менш як на 4 працэнты, у Казахстан - на 5,9 працэнта, у Арменію - на 2,5 працэнта, у Кыргызстан - на 1 працэнт.

Экспарт у Літву і Украіну павінен скласціся не ніжэйшы за ўзровень 2020 года, у Латвію і Польшчу - вырасці на 4,5 працэнта і 2 працэнты адпаведна.

Рост экспарту ў Францыю запланаваны на ўзроўні 2,5 працэнта, у Бельгію, Германію, Італію, Сербію - 3 працэнты, у Славакію - 3,2 працэнта, у Іспанію, Швецыю - 3,5 працэнта, у Аўстрыю, Нідэрланды, Фінляндыю, Чэхію, Швейцарыю, Эстонію - 5,9 працэнта, Венгрыю - 9 працэнтаў.

Урад разлічвае на рост экспарту ў Кітай і Кенію не менш як на 7 працэнтаў, Канаду - на 6 працэнтаў, у Бразілію, Калумбію, Рэспубліку Карэя - на 5,9 працэнта, у Японію і Індыю - на 4 працэнты. Рост паставак на 45 працэнтаў чакаецца ў Нігерыю.