Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
10.06.2021

Уступная кампанія 2021 года мае пэўныя асаблівасці - Петрышэнка

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уступная кампанія - 2021 мае пэўныя асаблівасці. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі 2021 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяперашняя ўступная кампанія, як і ў 2020 годзе, мае пэўныя асаблівасці, звязаныя з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Гэта трэба ўлічваць у рабоце камісіі", - сказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, у бягучым годзе ЦТ пройдзе ў звычайныя для абітурыентаў тэрміны - з 16 чэрвеня па 8 ліпеня.

У той жа час у бягучым годзе ёсць і шэраг навацый. Так, да 15 чэрвеня падоўжаны тэрміны выдачы абітурыентам пропускаў для ўдзелу ў ЦТ, на два дні падоўжаны тэрмін прыёму дакументаў ад абітурыентаў у ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Пераведзены ў лічбавы фармат працэсы рэгістрацыі для праходжання ЦТ, аплаты рэгістрацыйнага ўзносу, інфармавання прыёмнымі камісіямі абітурыента аб допуску да ўступных іспытаў і рэзультатах залічэння.

Як і ў мінулым годзе, для правядзення ЦТ будзе адкрыты 41 пункт на базе 31 універсітэта і 10 каледжаў, а ў рэзервовыя дні - па адным у кожнай вобласці і Мінску. "Работа кожнага пункта тэсціравання павінна быць бездакорнай. Павінны выконвацца ўсе проціэпідэмічныя патрабаванні, арганізавана дзяжурства медыцынскіх работнікаў. Недапушчальна скопішча абітурыентаў ні ў прапускных пунктах тэсціравання, ні перад аўдыторыямі, а таксама пры прыёме дакументаў і правядзенні ўнутраных іспытаў і залічэння абітурыентаў. Тут павінны прымацца меры на апярэджанне", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Яшчэ адно патрабаванне намесніка прэм'ер-міністра - безумоўнае захаванне мер бяспекі. "Асаблівая ўвага павінна быць удзелена пунктам ЦТ, месцам работы прыёмных і экзаменацыйных камісій, прычым не толькі ў дзень правядзення тэсціравання або экзамену. Таксама трэба быць гатовым аператыўна рэагаваць на любыя магчымыя правакацыйныя сітуацыі. Нельга дапусціць, каб месцы скопішча абітурыентаў былі выкарыстаны для проціпраўнай дзейнасці. Лічу, што Міністэрству адукацыі сумесна з МУС неабходна выпрацаваць дадатковыя меры бяспекі", - адзначыў ён.

Віцэ-прэм'ер таксама звярнуў увагу, што да разгляду зваротаў абітурыентаў і іх бацькоў, а таксама да вырашэння магчымых нестандартных сітуацый трэба падыходзіць індывідуальна і аператыўна.

"Да 1 верасня дзяржкамісія павінна далажыць Прэзідэнту аб выніках уступнай кампаніі", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.-0-