Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.10.2021

Вальфовіч: міграцыйная праблема стала для Захаду зачэпкай для перакладвання на Беларусь наступстваў сваіх недальнабачных дзеянняў

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч 6 кастрычніка наведаў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржсакратарыяце Савета бяспекі.

Аляксандр Вальфовіч зрабіў рабочую паездку ў прыгранічны Камянецкі раён, дзе сустрэўся з мясцовым актывам, абмеркаваў грамадска-палітычную і сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў рэгіёне, ацаніў сітуацыю на граніцы.

Пасля наведвання ўчастка беларуска-польскай граніцы, пагранічных застаў Брэсцкай пагранічнай групы ў размове з журналістамі дзяржсакратар адзначыў, што пасля ўскладнення міграцыйнай сітуацыі на граніцы з краінамі ЕС Беларусь фактычна ў адзіночку вымушана была процістаяць незаконнай міграцыі, абараняючы інтарэсы еўрапейскіх суседзяў. Дзяржпагранкамітэт неаднаразова звяртаў увагу еўрапейскіх партнёраў на неабходнасць канструктыўнага дыялогу і размарозкі згорнутых праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва. Але, на жаль, яны гэта праігнаравалі.

"У той жа час еўрапейскія партнёры замест пошуку шляхоў вырашэння існуючых праблем апусціліся да галаслоўных абсурдных абвінавачанняў у адрас Беларусі аб вядзенні так званай гібрыднай агрэсіі, - адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. - Па сутнасці міграцыйная праблема стала для калектыўнага Захаду зручнай зачэпкай для перакладвання на беларускі бок наступстваў сваіх недальнабачных дзеянняў у крызісных рэгіёнах, а таксама пашырэння "заходніх дэмакратычных каштоўнасцей", што нібы апраўдвае неабходнасць нарошчвання націску на нашу краіну".

Ён адзначыў, што, ігнаруючы прынцыпы двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў ахове граніцы і прытрымліваючыся санкцыйных установак, нашы суседзі звярнуліся да самых радыкальных метадаў вырашэння міграцыйнай праблемы. Уразрэз з дзеючымі дамоўленасцямі стала нормай незаконная дастаўка да граніцы і сілавое выцісканне на беларускую тэрыторыю бежанцаў, якія папрасілі прыстанішча ў сумежных краінах ЕС. Першыя такія факты былі зафіксаваны яшчэ ў сярэдзіне ліпеня на граніцы з Літвой. Часта такія дзеянні суправаджаюцца прымяненнем у адносінах да мігрантаў фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў.

Такім чынам, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, Захад зноў дэманструе двайныя стандарты. З аднаго боку, Еўрапейскі суд па правах чалавека, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах бежанцаў патрабуюць ад сумежных з намі краін аказваць дапамогу мігрантам, якія знаходзяцца на граніцы з Беларуссю, прымаць бежанцаў, але з іншага - мы становімся сведкамі спроб іх насільнага выцяснення. Мала таго, замест аказання ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі дапамогі мігрантам, грошы замежных падаткаплацельшчыкаў бессэнсоўна трацяцца на ўзвядзенне агароджаў, пры дапамозе якіх краіны Еўропы проста хочуць адгарадзіцца ад міграцыйнай праблемы.

"Разам з гэтым Захад выпрацоўвае рэкамендацыі для нашых суседзяў "па нейтралізацыі адпаведных выклікаў і пагроз". Так, у верасні ў Літве на працягу двух тыдняў была разгорнута спецыялізаваная група НАТА па процідзеянні "гібрыдным" пагрозам. Эксперты альянсу ацанілі абстаноўку, звязаную з павелічэннем патоку нелегальных мігрантаў, і перадалі Вільнюсу пакет такіх рэкамендацый. Не выключаем, што гэтыя парады могуць прывесці да эскалацыі сітуацыі", - заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.