Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.09.2021

Закрыццё вучэння "Захад-2021" адбудзецца на Абуз-Лясноўскім палігоне 17 верасня

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закрыццё беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння "Захад-2021" адбудзецца на палігоне Абуз-Лясноўскі 17 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.

На мерапрыемстве запланаваны выступленні міністра абароны генерал-лейтэнанта Віктара Хрэніна, намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расіі генерал-палкоўніка Сяргея Істракава, намесніка камандуючага дэсантна-штурмавымі войскамі Узброеных Сіл Казахстана палкоўніка Віктара Жытніка. Акрамя таго, адбудзецца ўзнагароджванне ўдзельнікаў вучэння, якія дабіліся найлепшых рэзультатаў.

Прысутныя змогуць убачыць праходжанне калон тэхнікі падраздзяленняў, якія прымалі ўдзел у "Захадзе-2021". Перад трыбунай пройдуць асноўныя ўзоры бранятэхнікі сухапутных войскаў Беларусі і Расіі. Тэхніка будзе прадстаўлена асноўнымі сярэднімі танкамі Т-72Б і Т-80, баявымі машынамі пяхоты БМП-2, баявымі машынамі дэсанту БМД-4, артылерыйскімі сістэмамі 2С5 і 2С19, рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню БМ-21 і "Тарнада".

Акрамя таго, запланаваны пралёт паветранага эшалона краін - удзельніц вучэння. У небе над палігонам можна будзе ўбачыць ваенна-транспартныя верталёты Мі-8МТВ-5, верталёты Мі-8, ударныя верталёты Мі-24, разведвальна-ўдарныя верталёты Ка-52, а таксама вучэбна-баявыя самалёты Л-39 і Як-130, самалёты-штурмавікі Су-25, тактычныя знішчальнікі МіГ-29, знішчальнікі Су-30СМ, ваенна-транспартныя самалёты Іл-76.

Урачыстая цырымонія закрыцця вучэння завершыцца святочным канцэртам.