Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
25.02.2021

Здаровая нацыя, кадры і міжрэгіянальныя цэнтры - Петрышэнка абазначыў прыярытэты для аховы здароўя

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка сёння на падагульняючай калегіі Міністэрства аховы здароўя абазначыў прыярытэты для галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што максімальна выразныя задачы для сістэмы аховы здароўя пастаўлены кіраўніком дзяржавы на VI Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, трэба рэалізаваць маштабны праект "Здаровая нацыя", у аснове якога чатыры асноўныя стаўпы: мабільная медыцына, крокавая даступнасць, клапатлівая паліклініка, высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах. "У гэтай рабоце ёсць добры зачын, але ўсе вы павінны дакладна разумець усю напружанасць пастаўленых перад галіной задач, адказнасць кожнага канкрэтнага выканаўцы", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Міністэрствам не пазней за I паўгоддзе бягучага года павінны быць распрацаваны і зацверджаны максімальна канкрэтныя планы-заданні, тэрміны іх рэалізацыі і індыкатары, даведзеныя да кожнага раёна. Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што кожны галоўны ўрач ЦРБ і старшыня райвыканкама павінны разумець, што яны абавязаны забяспечыць і за што будуць адказваць: пачынаючы ад ўкамплектаванасці і замацавання кадраў, заканчваючы машынамі хуткай дапамогі, медыцынскім абсталяваннем і лічбавізацыяй.

У бліжэйшы час павінна быць атрымана адчувальная аддача ад развіцця міжрэгіянальных і міжраённых цэнтраў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, адзначыў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, цэнтры для рэгіёнаў павінны стаць апорнымі, забяспечваць рэальную даступнасць для насельніцтва асноўных відаў такой дапамогі. З іх развіццём трэба ўвязваць і планы перааснашчэння арганізацый аховы здароўя.

Неабходна паскорыць распрацоўку інфармацыйнай платформы, якая дае магчымасць у аўтаматычным рэжыме кантраляваць самастойныя (дэцэнтралізаваныя) закупкі арганізацыямі аховы здароўя медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння. З гэтым непасрэдна звязаны пытанні эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў. "Ніякіх пасрэднікаў і "прыкормленых", як сказаў кіраўнік дзяржавы, тут быць не павінна. Ніякага перавышэння цэн пры пастаўках у межах краіны аднатыпных тавараў", - звярнуў увагу віцэ-прэм'ер.

Далейшага ўдасканалення патрабуе работа міністэрства і абласных упраўленняў па кантролі за функцыянаваннем і своечасовым рамонтам высокатэхналагічнага абсталявання. "Пакуль належнага выніку тут таксама не дасягнута", - заўважыў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу на важнасць падрыхтоўкі і ўкамплектаванасці кадрамі. "Думаю, што наспела пытанне аб змяненні падыходаў да нарміравання штатнай колькасці медыцынскіх работнікаў, увязцы колькасці персаналу з аб'ёмам выкананых работ і, безумоўна, з адпаведным узроўнем аплаты працы", - сказаў ён. Міністэрству аховы здароўя трэба глыбока прапрацаваць гэту тэму і выпрацаваць канкрэтныя прапановы. Аснову гэтаму павінен у тым ліку закласці рэалізуемы міністэрствам пілотны праект па пераводзе фінансавання галіны на прынцыпы клініка-затратных груп.

Акрамя таго, Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на важнасць пастаяннай адкрытай зваротнай сувязі з насельніцтвам, спажыўцамі медыцынскіх паслуг. Ён лічыць, што мэтазгодна правесці мэтавыя рэгіянальныя сацыялагічныя апытанні і даследаванні, размясціць адпаведныя апытальнікі і анкеты на сайце Міністэрства аховы здароўя. І ў цэлым неабходна перагледзець структуру і напаўненне сайтаў (ад міністэрства да кожнай ЦРБ), адпаведных раздзелаў у сацсетках, зрабіўшы іх на больш высокім прафесійным узроўні, у першую чаргу інфарматыўнымі і зручнымі для карыстальнікаў.