Галоўная / Навiны / Навiны раёна
18.11.2020

17 лістапада ў Свіслацкую раённую бібліятэку былі запрошаны вучні СШ № 2 імя М.П.Масонава на прафілактычную гутарку “Лёгкіх наркотыкаў не бывае”

Каб высветліць пытанне ці бываюць “лёгкія наркотыкі”, гутарку пачалі з вызначэння сутнасці з’явы наркаманіі, абмеркавалі праблему распаўсюджвання наркаманіі ў грамадстве, у прыватнасці сярод моладзі. Даведаліся, чаму менавіта падлеткі становяцца лёгкай здабычай і з’яўляюцца сёння  часткай грамадства, адкрытай для ўсіх небяспек і пагроз.

Запрошаны на сустрэчу урач-псіхіятр УАЗ “Свіслацкая ЦРБ” Палтарак Вераніка Анатольеўна абвергла міф, што існуюць “лёгкія” наркотыкі, распавяла аб наркатычных сродках, іх дзеянні на арганізм і ўплыў на здароўе чалавека. Яна растлумачыла, як дзеянне наркотыкаў здольна змяніць асобу не на гадзіну, а назаўсёды, ператварыць нармальнага чалавека ў нарказалежнага хворага, прывесці да цяжкай інваліднасці.

У ходзе гутаркі фельчар-валеолаг УАЗ “Свіслацкая ЦРБ” Саўко Людміла Чаславаўна адказала на пытанні: якія існуюць віды наркатычных сродкаў; адкуль пайшла гэта назва; як даведацца ці ўжывае чалавек наркотыкі; куды звярнуцца, каб пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці. Яна распавяла аб існуючых прыкметах ужывання наркатычных сродкаў, пра хваробу, якая выклікана сістэматычным ужываннем рэчываў і якая прыводзіць да глыбокіх зменаў асобы.

Падводзячы вынік размовы, рабяты прыйшлі да высновы, што жыць без наркотыкаў значна лепш і цікавей, жыццё больш багатае і разнастайнае. Ёсць адзіны сапраўды эфектыўны спосаб не стаць залежным ад наркотыкаў –  гэта ніколі, ні пры якіх абставінах іх не спрабаваць!

Рабятам да прагляду быў прапанаваны відэафільм “Прафілактыка наркаманіі”, уручаны памяткі “Моладзь супраць наркотыкаў”.