Афіцыйны сайт
21 жніўня 2020

20 жніўня для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Свіслачанка” Свіслацкая раённая бібліятэка арганізавала фальклорны калейдаскоп “Жывуць традыцыі, квітнее зямля”

Вядучыя ў нацыянальных касцюмах сустракалі гасцей караваем, які з’яўляецца сімвалам дастатку, паўнаты жыцця і поспеху. Сустрэча адбывалася ў цёплай, сяброўскай атмасферы, згодна з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі.

Пад час мерапрыемтва прысутныя пазнаёміліся з культурай Беларусі, традыцыйным народным касцюмам, беларускай нацыянальнай кухняй, успомнілі народная святы, традыцыі і звычаі беларусаў.  Мультымедыйныя прэзентацыя “Ад свята да свята”  акунула прысутных у працэс святкавання любімых беларусамі свят: Дажынкі, Купалле, Каляды, Масленіца,  Гуканне вясны, а таксама пазнаёміла са звычаямі  нашых продкі   святкавання “Вялікаденя”, “Тройцы”, “Радаўніцы”.

 Зацікавілі прысутных звесткі пра вусную народную творчасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Майстар па саломапляценню Ірына Іванаўна Фунт прадэманстравала відэафільм  “Майстры Свіслаччыны”, расказала аб правілах нарыхтоўкі і апрацоўкі саломы, прадставіла свае вырабы.

Удзельніца аб’яднання Ганна Уладзіміраўна Зінкевіч прадэкламавала вершы, прысвечаныя  Беларусі і малой радзіме.  Агляд тэматычнай выставы “Жыцця адвечныя матывы”  пазнаёміў прысутных з ганчарствам і ткацтвам, з разьбой па дрэве і мастацкім роспісам, з беларускім музычным і тэатральным мастацтвам. На памяць аб сустрэчы Свіслачанкам падарылі буклеты “Беларуская нацыянальная кухня: стравы з густам гісторыі”, а калектыўнае фота і гутарка за кубкам гарбаты з караваем дабавілі пазітыва і добрага настрою ўсім прысутным.