Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.06.2021

Добры дзень у хату!

Вясковы каларыт і гісторыя малой радзімы – вось што сёння дэманструюць цікаўным наведвальнікам у Навадворскім філіяле-клубе. Калі гісторыя – то вас запросяць у музейны пакой «Навадворскі летапіс». Каларытам жа пахне экспазіцыя «Сялянскай хаты». У хуткім часе ў клубнай установе пачне працаваць яшчэ адзін музейны пакой. Ён будзе прысвечаны народным рамёствам, дакладней, ткацтву.

Упершыню навадворскія клубныя работнікі запрасілі наведвальнікаў у свае музейныя пакоі ў кастрычніку 2019 года, калі аграгарадок святкаваў 610-годдзе свайго заснавання. З той пары дзверы экспазіцыі заўсёды адкрыты для тых, хто прагне пазнаваць роднае, беларускае. Для мяне ж гэта беларускае, роднае пачалося з прыгожага нацыянальнага ўбрання, у якім мяне сустрэлі загадчык установы Сняжана Кобелева і рэжысёр Наталля Ганчарэвіч. Толькі так, падкрэслілі, па-святочнаму прыбраўшыся, і віталі навадворцы гасцей.

Пераступаем парог «Сялянскай хаты». Экспазіцыя дэманструе народную культуру, нацыянальны каларыт, якія ўвасоблены ў паўсядзённым жыцці і бытавых рэчах беларусаў. Што такое вясковая хата? Гэта ў першую чаргу правільнае афармленне інтэр’ера. Ні для каго не сакрэт, што інтэр’ер – гэта адлюстраванне душы жыхароў дома. Чалавек нязменна імкнецца не толькі да функцыянальнасці, але і да поўнай гармоніі з уласным унутраным светам. Так мы ствараем інтэр’ер свайго дому зараз, так было і раней. Праўда, нашы продкі не ведалі нічога пра дызайнерскія напрамкі, а ладкавалі стыль свайго жылля па народным традыцыям.

Зірніце, стыль сялянскай хаты – гэта не раскоша, а неверагодная душэўнасць і практычнасць кожнай дэталі. Асноўны матэрыял аздаблення – дрэва. Гістарычна сялянская хата – гэта драўляны зруб. Падлога, сцены, столь – усюды дрэва. Яно і зразумела: як кажуць, чым багаты… А Беларусь – лесам.

З чаго пачынаецца экскурсія па навадворскай сялянскай хаце?

 З печы, – кажа Наталля Ганчарэвіч, мякка ступаючы па тканым палавіку. – Печ – галоўны «ўдзельнік» сялянскага інтэр’ера. Яна заўсёды займала ў хаце цэнтральнае месца. Бо што такое печ? Цеплыня, здароўе і гарачая смачная ежа. Раней гаварылі: «Дзе печ – там і тое, што з печы». У народнай медыцыне беларусаў было вядома сімвалічнае «запяканне» слабых, хворых дзяцей. Малое ўхутвалі ў коўдру і трымалі пэўны час на печы. Лічылася, што пасля такога «запякання» дзіця набывае сілу і здароўе. А сваты, збіраючыся сватаць дзяўчыну, не забывалі дакрануцца да сваёй печы, «каб быў лад».

Зайшоўшы ж у хату будучай нявесты, найперш набліжаліся да печы і ціхенька прасілі ў яе: «Печ, печ, памажы!» Тады ўжо і гаворку пра вяселле можна весці. З печчу звязана таксама шмат вераванняў і ўяўленняў. Яна – своеасаблівы цэнтр хаты, увасабленне старажытнага ачага, без якога проста немагчыма ўявіць сабе чалавечае жыццё.

Невыпадкова менавіта печ (а дакладней, прыпечак) аблюбоўваў добры дух Дамавік, які клапаціўся аб дабрабыце сям’і. Цікава і тое, што ў дзень першага веснавога выгану жывёлы ў поле гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, прыгаворваючы: «Як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так каб і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары». Што казаць, шмат увагі заслугоўвала печ.

Пячны вугал заўсёды лічыўся бабіным кутом. Тут жанчыны трымалі посуд, гатавалі ежу, мылі бялізну, пралі кужаль, нянчылі дзетак. 

Пад акном – куфар з адзеннем. Больш багацейшыя сем’і, вядома, мелі некалькі сундукоў: у адным трымалі паўсядзённую вопратку, у другім – святочную, асобна – пасаг для дачок.



Праходзім у «чырвоны кут». Самае святое месца ў любой хаце, падкрэслівае экскурсавод. Чаму? Тут вісіць абраз, па традыцыі ўпрыгожаны вышываным рушніком. У гэтай палове дому садзілі шаноўных гасцей, маладых на вяселлі, ды і да шлюбу адсюль адпраўляліся. Любы чалавек, прыйшоўшы ў хату, знімаў шапку, хрысціўся, рабіў паклон перад іконаю і толькі тады вітаўся з гаспадарамі.

Драўляны ложак – не менш сакральнае месца ў сялянскім жыллі. Прыбраны пасля начнога адпачынку, ён заставаўся некранутым на працягу ўсяго дня. Засцілаўся тканым дываном, з-пад якога выглядвала ўпрыгожаная карункамі прасціна. Ну і, вядома, на ім цэлая гара падушак у расшытых каляровай ніткай навалачках. Нашы бабулі не адмовіліся ад гэтай традыцыі і зараз, праўда? Каля ложка – люлька для немаўляці.


Наталля Ганчарэвіч: «Пустую люльку калыхаць не дазвалялася»

Кранаеш яе і нібыта чуеш: «Гушкі-гушкі, прыляцелi птушкі, селi на варотах у чырвоных ботах, сталi сакатацi: «Што сыночку дацi? Ці гароху троху, ці ячменю жменю...»

Чацвёрты вугал у хаце – мужчынскі. З мэблі – лава, пад ёй – інструменты, прылады працы. Седзячы тут, гаспадар плёў лапці і кошыкі, шыў кажухі, выточваў міскі, выразаў лыжкі. Каля яго завіхаліся сыны – прывучаліся да рознай работы.

Сукала ды авечыя нажніцы, драўляныя канькі ды плецены саж (кошык з накрыўкай), серп ды сіта, грэлка ды газавая лямпа, калаўродак ды маслабойка, прасніца ды начоўкі, дываны ды фіранкі... Экспанатаў у музейным пакоі шмат, і збіраліся яны з усёй акругі. Марыя Штоп, Валянціна Журкевіч, Гражына Аніська, Наталля Саўко, Вера Ганчарэвіч, Эмілія Казбярук – шмат добрых людзей прынеслі сюды на захаванне свой сямейны скарб, што застаўся ад продкаў. Каб другія паглядзелі. Што мы і зрабілі. І вам раім.

музей1.jpgМузейны пакой «Навадворскі летапіс» – гэта запрашэнне ў гісторыю мястэчка. Туды мы накіроўваемся з загадчыкам філіяла-клуба Сняжанай Кобелевай. Адчыняюцца дзверы – і трапляем у невялікую галерэю. Менавіта такое пачуццё ўзнікае, таму што прадстаўлена гісторыя Новага Двара... карцінамі. Гэта добра: пачуў – пабачыў. 

Узнікненне мястэчка, расказвае Сняжана Аляксандраўна, паглыбляецца каранямі ў часы Вялікага княства Літоўскага. Версій, як заўсёды, не адна. Хочаш – вер легендам, хочаш – фактам. Афіцыйна ж лічыцца, што Новы Двор узнік у 1409 годзе. З таго часу і адлічвае мястэчка свой узрост.

На што яшчэ варта звярнуць увагу ў гэтым пакоі? Вядома, на ўсё. Не пройдзеш міма карты пачатку ХVІ стагоддзя, на якой пазначаны Новы Двор. Абавязкова спынішся ля герба, які мястэчка атрымала ў 1661 годзе. На ім – выява Архангела Міхаіла, які правай рукой апіраецца на меч, а ў левай трымае вагі. Пад яго нагамі – пераможаны д’ябал. Усё сімвалічна.

Імёны і даты – іх нямала ў «Навадворскім летапісе». Вітаўт, Ян Казімір Ваза, Карл Х, Жан Ранье, Дзяніс Давыдаў, Мікалай Раеўскі – як лёсы гэтых асоб звязаны з мястэчкам на нашай Свіслаччыне, добра ведаюць і цікава расказваюць у філіяле-клубе. Прыедзьце – паслухайце!

Наталля ТУРКО
Фота аўтара