Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.11.2021

Дворык, дзе весела

«Трэба ўмець радавацца жыццю, весяліцца, не хаваць свае эмоцыі, не баяцца дастаць іх наверх», – лічыць мастацкі кіраўнік народнага тэатра гульні «Вясёлы дворык» Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Гутар. А яе гульнёвыя праграмы як раз і дапамагаюць гледачу ў гэтым.

Народны тэатр гульні «Вясёлы дворык» радуе публіку сваёй творчасцю на працягу двух дзясяткаў гадоў. Яго ідэйным натхняльнікам і першым кіраўніком была Аліна Адашчык. Таленавіты сцэнарыст з рэдкімі артыстычнымі здольнасцямі – такой яна запомнілася гледачам, калегам і паслядоўнікам. Дзякуючы Аліне Іванаўне пры раённым метадычным цэнтры і стаў працаваць «Вясёлы дворык». Але да тэатра было яшчэ нешта значнае – дуэт.

 Пачатак гульнёвай творчасці на Свіслаччыне паклалі Надзея Мікалаеўна Карпюк і Аліна Іванаўна Адашчык, калі выйшлі на сцэну дуэтам «Суседкі». І быў гэта 1989 год, – расказвае Ірына Гутар. – Прэзентавалі свае вобразы і на семінары ў Дзятлаве. Удзельнікі семінара, кажуць, смяяліся так, што да рабочага настрою ледзь удалося вярнуцца. І пайшло-паехала. Гульнёвы запал вывеў «Суседак» на вялікую пляцоўку. Дзе толькі не пабывалі нашы Агата і Куліна! Ім апладзіравалі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Ды што там! Пабывалі яны і ў Маскве, і ў Сочы. Не адзін раз улюблялі ў сябе гледача на фестывалі гумару ў Аўцюках. Дзе б ні з’яўляліся, заўсёды бралі ўзнагароды высокай пробы. З гэтага дуэта і вырас «Вясёлы дворык», які аб’яднаў культарганізатараў клубаў нашага раёна. З 2003 года тэатр носіць званне народнага. Ні адно мерапрыемства не абыходзілася без вясёлых гульняў, у якіх ахвотна ўдзельнічалі ўсе жадаючыя. Сёння мы працягваем гэтую справу. Касцяк нашага тэатра зараз – гэта Маргарыта Харчанка, Івона Курчэўская, Таццяна Вярбіцкая, Марына Мацкевіч, Наталля Шупейка.

Ірына Гутар кіруе «Вясёлым дворыкам» з 2016 года. У мінулым актыўны ўдзельнік гульнёвых праграм, за мастацкае кіраўніцтва яна ўзялася з асаблівым пачуццём. Проста, прызнаецца, вельмі хацелася, каб справа жыла і надалей. І яна жыве. Добрай традыцыяй стала правядзенне раз у тры гады ў Воранаве адкрытага абласнога фестывалю гульні «Карнавал весялосці». «Вясёлы дворык» – заўсёднік гэтага мерапрыемства. Не прапускаюць нашы майстры добрага настрою магчымасці на другіх паглядзець і, вядома, сябе паказаць. У 2018 годзе прывезлі з фестывалю дыплом III ступені, а ў верасні 2021-га сталі пераможцамі.

– Я са сваім калектывам ішла да гэтага, – кажа Ірына Сцяпанаўна. – Але ніколі не думала, як і калі мы возьмем жаданы дыплом. Разумела толькі адно: трэба проста працаваць, і яно прыйдзе. Мы былі першымі ў праграме сёлетняга фестывалю. Ведаеце, першымі быць складана. Так, з аднаго боку – адпрацаваў і расслабіўся. З другога – цяжка, таму што публіка яшчэ рассеяная, дзесьці не ва ўвазе, яшчэ не ведае, што яе чакае. Увогуле, гульнёвая творчасць – гэта няпроста. Трэба ўмець уцягнуць людзей у дзейства да такой ступені, каб яны хацелі ўдзельнічаць у тваёй праграме. Наколькі лёгка было працаваць у гэты раз! Усё прайшло на адным дыханні. Глядач быў добры: і дарослыя, і дзеці. На рознаўзроставую аўдыторыю мы цяпер і арыентуемся. Наша праграма была лёгкая, сучасная, музычная, з яркімі героямі – «Свята ў коле сяброў». А калі твой калектыў называюць пераможцам, калі гучыць «горад Свіслач» – гэта такая эйфарыя! Калі глядач удзячны, калі ёсць жадаючыя гуляць – гэта вялікая ўзнагарода.

Што важна ў рабоце над сцэнарыем, каб ён «працаваў»?

 Тут трэба прадумваць усё да дробязей: кожную хвіліну, кожнае слова, кожны рух, – адзначае Ірына Сцяпанаўна. – Усе акцёры на сцэне павінны працаваць на адной хвалі. І абавязкова – работа над памылкамі, шліфоўка праграмы.

Сцэнарыі Ірына Гутар піша сама. У іх шмат гумару. Без гэтага, кажа, ніяк. Ідэй мноства, яны перабіваюць адна адну. З чым «Вясёлы дворык» выходзіць да гледача на раённых і абласных пляцоўках? Ды з ўсім! Гульнёвая творчасць дазваляе вялікі размах. Яна забаўляе, вучыць, тлумачыць, выхоўвае... Лепшыя праграмы становяцца класікай жанру. Жывуць доўга. Зноў жа тыя «Суседкі». Іх вобразы засталіся на сцэне. Проста ў іншых культработніках, у новым выкананні і напаўненні.

– Я вельмі люблю праграму «Чорт і Баба», – прызнаецца Ірына Сцяпанаўна. – У мінулым годзе я яе напісала. У гумарыстычным стылі, традыцыйным, народным, на беларускай мове. Гэта мая самая любімая праграма. Знаходзіць водгук у гледача. Мне да душы народны стыль. Выходжу на пляцоўку – і там жыву. Народны гумар – ён проста сам з цябе рвецца. Ён добры, сапраўдны… 

Блізіцца актыўная пара ў творчасці тэатра гульні – калядныя і навагоднія святы. І зноў вясёлыя персанажы з «Вясёлага дворыка» будуць дарыць добры настрой і дарослым, і дзецям.

 З дзецьмі цікава працаваць, – адзначыла напрыканцы кіраўнік тэатра гульні. – Ды і з дарослымі. Унутры іх таксама жывуць дзеці. Іх непадробную радасць добра відаць, калі яны шчыра ўключаюцца ў гульню.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара