Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.05.2021

Дзень краязнаўства “Я гэты край Радзімаю заву”, прысвечаны 765-годдзю Свіслачы

18 мая ў Свіслацкай раённай бібліятэцы адбыўся дзень краязнаўства “Я гэты край Радзімаю заву”, прысвечаны 765-годдзю Свіслачы.

У рамках дня краязнаўства прайшлі: слайд-падарожжа “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей – захавальнік гісторыі малой радзімы”, калейдаскоп падзей “Гартаючы старонкі памяці”, агляд інфармацыйнай выставы-экспазіцыі “Край свіслацкі – край самабытны”, акцыя “Краязнаўчая літаратурная паштоўка”.

У Міжнародны дзень музеяў адбылася сустрэча з супрацоўнікамі УК “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей” Л.Р.Жук, В.В.Шкулепа.  Да ўвагі вучняў 10 класа гімназіі №1 імя К.Каліноўскага і членаў Свіслацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў была прадстаўлена электронная прэзентацыя “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей – захавальнік гісторыі малой радзімы”, якая пазнаёміла з гісторыяй музея, з яго экспазіцыямі, чым жыве ўстанова сёння.

Зацікавіў прысутных аповед пра ўнікальныя экспанаты з фонду музея. Яны даведаліся аб свяшчэннай кнізе мусульман “Каран” (1898 г.), каталіцкім зборніку малітваў “Молитвослов” (1930 г.), іконе трыпціху (складзень трохстворкавы 19ст.), узнагародах І.Г.Жыўлюка часоў Вялікай Айчыннай вайны за вызваленне гарадоў Італіі і Англіі і інш.

Калейдаскоп падзей “Гартаючы старонкі памяці” акцэнтаваў увагу прысутных на асноўных момантах  з гісторыі Свіслачы. Вядучыя расказалі аб афіцыйнай даце заснавання, згодна першага ўпамінання ў Іпацеўскім летапісу; атрыманні статуса мястэчка (1523г.); часе ўладання Свіслачу Вінцэнтам Тышкевічам, сенатарам Вялікага княства Літоўскага; акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; пасляваенным аднаўленні і развіцці; атрыманні статуса горада (14 снежня 2000 года); асноўных падзеях сённяшняй Свіслачы.

Да ўвагі прысутных была прадстаўлена інфармацыйная выстава-экспазіцыя “Край свіслацкі – край самабытны”, якая раскрывае непаўторную прыгажосць Свіслаччыны, яе прыродныя багацці, турыстычную прывабнасць. Асаблівую цікавасць выклікалі макеты галоўных сімвалаў Свіслачы: кальцо пры ўездзе ў горад, графскі шпіль, арка пры ўваходзе ў парк імя В.Тышкевіча.

 У рамках дня краязнаўства адбылася акцыя “Краязнаўчая літаратурная паштоўка”: чытачы атрымалі паштоўку з краявідамі Свіслачы і вершамі мясцовых паэтаў, прысвечаныя роднаму краю.