Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.05.2023

«Галоўнае ў жыцці – пакінуць пра сябе добрую памяць»

5 мая журналісты «Свіслацкай газеты» разам з калегамі па ўсёй краіне адзначаюць Дзень друку. Гэта свята ўсіх, хто мае дачыненне да выдавецкай дзейнасці, людзей, закаханых у сваю прафесію, неабыякавых да ўсяго таго, што адбываецца. Усю багатую гісторыю Свіслаччыны, падзеі і факты мінулага захаваў на фота ветэран фотажурналістыкі Часлаў Горбач.

Гартаючы пажоўклыя ад часу старонкі раёнкі дваццаці-, трыццаці-, саракагадовай даўнасці, уважліва ўглядаешся ў твары герояў газетных здымкаў. Натхнёныя і задуменныя, сур'ёзныя і сумныя, вясёлыя і жыццярадасныя... Пачынаеш разважаць: за гэтымі чорна-белымі здымкамі – нечае яркае жыццё, поўнае хваляванняў, шчаслівых падзей і пацешных выпадкаў. З нумара ў нумар, з года ў год практычна пад кожнай фатаграфіяй у газеце адзін кароткі подпіс: «Фота Часлава Горбача».

За гэты час фотакарэспандэнтам выкарыстана неймаверная колькасць фотастужкі, фотапаперы, хімрэактываў. Зафіксаваны навечна дзясяткі, а то і сотні тысяч імгненняў жыцця.

Часлаў Сцяпанавіч упершыню пераступіў парог рэдакцыі як раз у Дзень друку – 5 мая 1962 года.

– Гэта быў выпадак, – з цеплынёй успамінае ён тыя далёкія гады. – У той час рэдактарам быў Алег Пятровіч Смальянаў. Шчыра кажучы, яго прапанова быць фотакорам збянтэжыла мяне. Перажываў, ці змагу, сумняваўся. Рашыўся – і ні разу не пашкадаваў. З першага дня адчуў, што ўліўся ў добры калектыў. Мяне заўсёды акружалі творчыя людзі, таму працаваць было лёгка і цікава. Заўсёды адчуваў падтрымку старэйшых вопытных калег.

Да рэдакцыі Часлаў Горбач працаваў у Свіслацкай школе бібліятэкарам і лабарантам. Заўсёды з цікавасцю разглядаў фота ў кнігах і газетах. Тады ён яшчэ не ведаў, што пройдзе час, і ўжо на яго здымкі будуць глядзець тысячы вачэй. Стаўшы фотакарэспандэнтам газеты, Часлаў Сцяпанавіч стараўся ўдасканальваць сваё майстэрства. Як прызнаецца, усё прыйшлося спасцігаць сваім розумам і працай.

Перачытаў мноства спецыяльнай літаратуры па фотажурналістыцы, прыслухоўваўся да парад старэйшых калег. Ён і сёння ўдзячны сваім настаўнікам, і ў першую чаргу рэдактару газеты Алегу Пятровічу Смальянаву, намесніку рэдактара Яўгену Арсеньевічу Калдунову, загадчыку сельгасаддзела Аляксандру Андрэевічу Сухоцкаму і іншым супрацоўнікам, якія адыгралі вялікую ролю ў станаўленні яго як фотакарэспандэнта.

Часлаў Сцяпанавіч вельмі дапытлівы і патрабавальны да сябе чалавек. Ён увесь час павышаў свой прафесійны ўзровень, цікавіўся дасягненнямі навукі ў сферы фотатэхнікі, выпісваў шмат спецыялізаванай літаратуры, часопісаў. А навуковы прагрэс ішоў наперад. На змену фотаапаратам прыйшлі фотакамеры. Ні табе плёнкі, ні хімрэактываў, пстрыкнуў, і здымак гатовы. Застаў наш Сцяпанавіч, як яго называюць калегі, і гэты час. І зноў самастойна трэба было спасцігаць гэтую навіну ў фотажурналістыцы. Аднак тэхніка – гэта адно, але ўменне ўбачыць унікальны момант, падабраць ракурс для фота – гэта зусім іншае. Гэтаму цяжка навучыцца. Яно павінна быць у табе, у тваім успрыманні, у сэрцы. У Часлава Горбача глыбокая душа, настолькі глыбокія і яго здымкі. 

Былі, вядома, у практыцы фотакора і кур'ёзныя сітуацыі. Аднойчы ў газеце апублікавалі здымак за подпісам зусім не таго чалавека, хто на ім значыцца. У раёне праходзіла сур'ёзнае абласное мерапрыемства, прыехала высокае начальства, якому ўсё гэта было паказана. Часлаў Сцяпанавіч гатовы быў да непазбежнага пакарання. Але пачуў толькі: «У журналістаў такое бывае». Але гэта, вядома, не супакоіла фотакарэспандэнта, і ён стараўся, каб гэтага «бывае» больш не паўтарылася ў ягонай журналісцкай практыцы.

Мяняліся назвы газеты, рэдактары, супрацоўнікі, але 45 гадоў нязменным заставаўся фотакор. Ён праз усё працоўнае жыццё пранёс у сэрцы вернасць журналісцкай справе і Беларускаму саюзу журналістаў, членам якога з'яўляецца і сёння. Як кажа ветэран, усё жыццё прайшло сярод людзей, для якіх ён працаваў.

– Праходзіць якое-небудзь мерапрыемства, а гэта ў асноўным на выхадныя,  усе святкуюць, весяляцца, а ты нарабіў здымкаў – і хутчэй у рэдакцыю праяўляць плёнку. А назаўтра ў шэсць раніцы зноў на працу, каб паспець зрабіць фота да чарговага выпуску газеты, – расказвае фотакарэспандэнт. 

Падтрымлівала ва ўсім мужа жонка Віялета Віктараўна. Каму, як не ёй, ведаць, як важна любіць справу, якой займаешся?! Віялета Горбач такі ж працаголік. Аддала медыцыне 58 гадоў (!) і большую частку з іх працавала на адказнай пасадзе – старэйшай медыцынскай сястрой.

Здымкі Часлава Горбача публікаваліся ў абласной газеце «Гродзенская праўда», рэспубліканскіх «Беларуская ніва» і «Савецкая Беларусь», а таксама ў буклетах аб раёне, друкаванай прадукцыі, выданай па праектах Еўрарэгіён «Нёман» і Еўрарэгіён «Белавежская пушча». Вялікая работа праведзена ім пры падрыхтоўцы фатаграфій для раённай кнігі-хронікі  «Памяць. Свіслацкі раён». Яго работа назаўжды застанецца ў фоталетапісе раёна.  

Літаральна нядаўна, 28 красавіка, Часлаў Горбач сустрэў 85-гадовы юбілей. Віншаванняў было шмат, у тым ліку і ад герояў яго здымкаў. Значыць, памятаюць, паважаюць, шануюць. А гэта, як адзначае сам герой, галоўнае ў жыцці – пакінуць пра сябе добрую памяць.

Марына ЯНЮК
Фота з архіва "СГ"