Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.11.2020

Клуб «Пошук» у пошуку

Кожны чалавек – свайго роду адкрывальнік, ён спасцігае жыццё сваім, толькі яму вядомым шляхам. Але ля вытокаў доўгай жыццёвай дарогі ў кожнага з нас ёсць свая малая радзіма, са сваімі абрысамі, са сваёй прыгажосцю. Прадстае яна перад чалавекам з дзяцінства і застаецца з ім на ўсё жыццё. Таму вельмі важна ведаць гісторыю сваёй вёскі, сям’і, свае карані.

У дзяржаўнай установе адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс «Грынкаўскі дзіцячы сад – базавая школа Свіслацкага раёна» шмат увагі надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. З верасня 2010 года ў школе дзейнічае клуб «Пошук», удзельнікі якога праводзяць вялікую работу па даследаванні гісторыі сваёй малой радзімы, гераічнага шляху нашых землякоў.

Вёска Грынкі з’яўляецца тым месцам, дзе адбываліся пэўныя гістарычныя падзеі, дзе нарадзіліся людзі, якіх у час вайны напаткаў трагічны лёс. 

Вялікая Айчынная вайна была цяжкім выпрабаваннем для ўсяго народа, не абмінула яна і грынкаўцаў: 46 чалавек загінулі на франтах, 32 мірныя жыхары былі расстраляны фашысцкімі захопнікамі, у 1944 годзе над вёскай быў збіты фашыстамі савецкі самалёт. На месцы гібелі лётчыкаў у 2015 годзе быў устаноўлены памятны знак. 

Заўсёднікі клуба «Пошук» свята захоўваюць памяць аб загінуўшых і робяць усё магчымае для таго, каб зберагчы памяць пра сваіх аднавяскоўцаў для будучых пакаленняў. Пад час працы з кнігай «Памяць. Свіслацкі раён» члены клуба высветлілі, што на франтах Вялікай Айчыннай вайны ваявалі 122 жыхары Грынок, якія вярнуліся дадому пераможцамі (акрамя тых 46 чалавек, якія загінулі). І для таго, каб нашчадкі ведалі пра сваіх прадзедаў, на савеце клуба было вырашана сабраць матэрыял пра ўсіх удзельнікаў самай жорсткай і кровапралітнай вайны. І работа пачалася…

Члены клуба сустракаліся з роднымі і блізкімі аднавяскоўцаў, вывучалі архіўныя дадзеныя на сайтах «Память народа», «Дорога памяти», электронны архіў «Мемориал». Была знойдзена інфармацыя пра 43 землякоў-грынкаўцаў, якія прайшлі дарогамі вайны і вярнуліся ў родныя сем’і. Гэта яны, пакалечаныя вайной, аддавалі свае сілы і здароўе справе аднаўлення разбуранай фашыстамі сельскай гаспадаркі, самааддана працавалі на палях і фермах роднага калгаса. 

Увесь сабраны членамі клуба «Пошук» матэрыял размешчаны на стэндзе «Яны абаранялі родны край», які знаходзіцца ў школьным музеі. Стварэнне стэнда было прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Частка інфармацыі размешчана ў аднайменным альбоме. Удзельнікі клуба вельмі ганарацца вынікам сваёй шматгадовай плённай працы, тым, што яны таксама ўнеслі ўклад у гісторыю вёскі, захоўваючы памяць пра сваіх землякоў.

Вучні прыходзяць у школьны музей, знаёмяцца з матэрыяламі стэнда, гартаюць старонкі альбома, знаходзяць інфармацыю на сайце школы пра ветэранаў вайны, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Часам вельмі здзіўляюцца, даведаўшыся, што той ці іншы чалавек з’яўляецца іх далёкім продкам. 

Захоўваць памяць пра гераічныя подзвігі землякоў – святы абавязак, бо гісторыя – гэта памяць народа. У ёй нашы карані. Немагчыма зразумець сучаснае жыццё, нельга ствараць будучае, калі не ведаеш мінулага.

Надзея Мацюк, кіраўнік клуба «Пошук» Грынкаўскага ДС БШ