Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.07.2021

Памятны дзень для свіслачан

Раённая бібліятэка запрасіла заўсёднікаў аматарскага аб’яднання “Свіслачанка” на гадзіну памяці “Памятны дзень для свіслачан”, прымеркаваную да Дня вызвалення Свіслаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Распачалося мерапрыемства каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан. На гэтае святое месца пажылыя жанчыны прыйшлі з кветкамі, каб ушанаваць памяць загінуўшых.



Прадоўжылася сустрэча ў чытальнай зале. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Наталля Краўчук прапанавала прысутным – а гэта наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту, актывісты раённага савета ветэранаў і раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў – невялікі гістарычны экскурс у 40-я гады мінулага стагоддзя. Разам згадалі пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, цяжкі перыяд акупацыі і доўгачаканае вызваленне. З цікавасцю паглядзелі відэафільм “Мой дзядуля браў Берлін”, электронную прэзентацыю “Яны змагаліся за Радзіму”. Адбылася і прэзентацыя новай бібліятэчнай выстаўкі “Памяць пра вайну нам кніга пакідае”. Энцыклапедычныя выданні, мастацкія творы, навукова-даследчыя матэрыялы, успаміны відавочцаў тых страшных падзей – падабраная літаратура расказвае пра Свіслаччыну ў гады вайны, падпольны і партызанскі рух, вызваленчыя баі на тэрыторыі раёна, называе імёны герояў, што паклалі сваё жыццё на алтар Вялікай Перамогі над ворагам.





Актыўна ўключыліся ўдзельнікі мерапрыемства ў віктарыну “Подзвігу герояў прысвячаецца”, якую падрыхтавала загадчык аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту Наталля Пац. На кожнае пытанне знайшоўся ў аўдыторыі адказ, а гэта значыць, добра ведаюць гісторыю свіслацкія пенсіянеркі. Напрыканцы ўсе разам заспявалі песню “Памяць у сэрцы беражы”.

Наталля ТУРКО

 

Фота аўтара