Галоўная / Навiны / Навiны раёна
15.07.2022

Праект "Бацькаўшчына": Мінулае і сучаснае побач

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына»,  прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет  і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Царква Прасвятой Багародзіцы (Прачысценская) – галоўны праваслаўны храм мястэчка Свіслачы XIX стагоддзя. Першыя звесткі аб існаванні царквы адносяцца да ХVI стагоддзя. З ХVII стагоддзя святыня была грэка-уніяцкай, знаходзілася ў цэнтральнай частцы мястэчка. Пасля 1768 года на месцы старой царквы была ўзведзена новая, у гатычным стылі, з элементамі барока і класіцызму.

У 1782 годзе, пасля рэканструкцыі мястэчка графам Вікенціем Тышкевічам, царква перанесена на ўсходні бок Рынкавай плошчы. 8 верасня 1788 года, у дзень Прасвятой Багародзіцы, адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы. Яна размяшчалася на ўзвышшы, агароджаным драўляным плотам. Галоўны ўваход у храм быў апраўлены невялікай аркай-званіцай з каменя.

Будынак даўжынёй 24,2 метра, шырынёй 11,4 метра і вышынёй (па каньку даху) 8,5 метра быў узведзены на каменным падмурку. Царква была драўлянай, пад двухсхільным дахам, з асноўным купалам на барабане, дзе размяшчаліся чатыры акны. Вянчаў купал шпіль вышынёй каля 2-х метраў.


Свіслач. Праваслаўная царква. 1940 год

Унутры царквы быў драўляны іканастас сталярнай працы, афарбаваны блакітнай і белай алейнымі фарбамі з пазалочанымі рамамі ікон і разьбой у адзін ярус. “Царская брама” была разная, з пазалотай. Пры верхняй раме размяшчаўся вобраз Дабравешчання, пісаны на драўлянай авальнай дошцы. У кутах “царскай брамы”, у разьбе, – выявы круглай формы, якія паказваюць абліччы чатырох евангелістаў. Па правы бок алтара знаходзілася рызніца, а па левы – асаблівасць, якая сустракаецца толькі ў некаторых цэрквах, – памяшканне для архіва, дзе захоўваліся метрычныя кнігі з 1775-га па 1941 год.
Царква з архівам згарэлі ў чэрвені 1941 года.

Рамуальд Траўгут нарадзіўся 16 (28) студзеня 1826 г. у маёнтку Шастакова Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У дзесяцігадовым узросце Рамуальд паступіў у Свіслацкую гімназію, якую закончыў з сярэбраным медалём. Аднак паступіць у інжынерную акадэмію ў Пецярбургу ён не змог.

Васямнаццацігадовы юнак пайшоў служыць юнкерам. Удзельнічаў у Крымскай вайне. У 1862 г. Траўгут у званні падпалкоўніка выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў маёнтку Востраў Кобрынскага павета. 

У красавіку 1863 г. Траўгут, прыняўшы просьбу падтрымаць паўстанне ў Польшчы, узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з царскімі войскамі тройчы нанёс ім значныя страты. Але паўстанне ўсё ж было падаўлена. Вясной 1864 г. Траўгута арыштавалі. 24 ліпеня (5 жніўня) 1864 г. ён быў павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. Праводзіць яго на эшафот прыйшлі тысячы жыхароў Варшавы. Ён заслужыў гэта, таму што ў суровы час быў разам з тымі, хто змагаўся за свабоду радзімы.


Помнік Рамуальду Траўгуту. 1920–1930-я гады

У 1928 г. у Свіслачы на ахвяраванні насельніцтва быў адкрыты помнік Рамуальду Траўгуту. Ініцыятыва ўзвядзення помніка належала дырэктару настаўніцкай семінарыі Баляславу Борысу. Праектаваў помнік настаўнік малявання і працы Павел Бялэк. Варшаўскі архітэктар Збароўскі ўнёс у праект некаторыя папраўкі, і ён быў зацверджаны. Будавалі помнік з мясцовага матэрыялу тутэйшыя ўмельцы Міхаіл Курбат, Іван Бараноўскі, Аляксей Вайцяхоўскі. 


Сёння пастамент у гонар польскага рэвалюцыянера займае сваё месца ў Алеі помнікаў.

Помнік уяўляў сабой высокі пастамент з граніту, увенчаны бронзавым арлом – сімвалам паўстанцаў. Бронзавую таблічку з медальёнам народнага героя суправаджаў надпіс: “Рамуальду Траўгуту – землякі, 1928 год”.

У 1939 г. помнік быў часткова разбураны. У 1989 г. група рэстаўратараў на чале з Аляксандрам Анціпіным па архіўных здымках аднавіла помнік. Быў нанава адліты бронзавы барэльеф (скульптар Міхаіл Анціпін), які ўстанавілі на пяціметровы пастамент, што захаваўся з таго часу. Барэльеф, на якім указаны даты жыцця Траўгута, дапоўніла кампазіцыя – гатовы да ўзлёту арол і словы з клятвы паўстанцаў: “Бог і Радзіма”. На помніку зроблены надпіс: “Рамуальду Траўгуту – ад землякоў”.

Вольга БУБЕНЧЫК