Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.06.2021

Прафсаюзы падвялі вынікі маніторынгу цэн на лякарствы за май

Прафсаюзы падвялі вынікі маніторынгу цэн на лякарствы за май. Такая інфармацыя размешчана на партале Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Яшчэ ў пачатку года прафсаюзы заяўлялі аб неабходнасці ўвядзення абмежавальных мер на рост цэн. Гэта было звязана з істотным павышэннем кошту шэрага запатрабаваных лякарстваў. Толькі за студзень ён павысіўся на 5-10 працэнтаў, прычым не заўсёды гэты рост можна было растлумачыць аб'ектыўнымі фактарамі - павелічэннем затрат вытворцаў або прадаўцоў. Ды і прымяненне стаўкі ПДВ да канца не тлумачыла гэта.

Урад прапанову развіў, у выніку чаго была прынята пастанова нумар 100, у адпаведнасці з якой з 1 сакавіка рост цэн на прадукты і лякарствы першай неабходнасці не павінен быць большым за 0,2 працэнта за месяц. Перавышэнне гэтай планкі магчыма толькі пры наяўнасці аб'ектыўных прычын і пасля ўзгаднення спецыяльнай камісіяй пры Савеце Міністраў. Дакумент датычыўся 50 лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці.

"Цэны на лекавыя прэпараты, якія мы маніторым, ва ўсіх рэгіёнах краіны застаюцца больш-менш стабільнымі. Аднак занепакоенасць выклікае факт іх адсутнасці на некаторых аптэчных прылаўках. Напрыклад, на момант маніторынгу з некаторых аптэк зніклі "Рываксан", "Ксілін", "Максанідзін", "Німесубел". Нашым спецыялістам растлумачылі, што недзе яны былі раскуплены, а недзе не пастаўляліся. Бо наяўнасць лякарстваў, пазначаных у пастанове нумар 100, не мае абавязковага характару. Пры гэтым у дастатковай колькасці ёсць аналагі такіх лекавых сродкаў, як айчыннай, так і замежнай вытворчасці", - паведаміла намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч.

Гэта сітуацыя абмяркоўвалася падчас рабочай сустрэчы з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам. Прафсаюзы перадалі яму інфармацыю аб тым, дзе былі зафіксаваны апісаныя выпадкі. Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі прадстаўнікі міністэрства правераць гэтыя звесткі. Таксама будуць выпрацаваны механізмы вырашэння выяўленых пытанняў.

"Прафсаюзы ў сваю чаргу прадоўжаць выбарачнае назіранне за асартыментам і цэнамі на асобныя віды лекавых сродкаў у раёнах і вялікіх гарадах краіны. Аднак адзначым: пастанова нумар 100 датычыцца толькі 50 прэпаратаў, але іх на рынку значна больш. Таму калі вы сутыкнецеся з фактам павышэння кошту прэпарату, можаце паведаміць пра гэта ананімна праз анлайн-сэрвіс ФПБ або па тэлефоне гарачай лініі (8017) 355-95-62. Прафсаюзныя спецыялісты правераць інфармацыю і высветляць прычыны", - дадалі ў ФПБ.