Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.07.2022

Прымайце ўдзел у выстаўцы-конкурсе «Матулін каравай»

20 жніўня ў Свіслачы ўпершыню будзе ладзіцца каравай-фэст «Бацькава булка». У рамках гэтага вялікага свята хлеба плануецца правядзенне выстаўкі-конкурсу «Матулін каравай».

Да ўдзелу ў выстаўцы-конкурсе «Матулін каравай» запрашаюцца ўсе жадаючыя, у тым ліку пекары-аматары, хатнія гаспадыні, заўсёднікі клубаў па інтарэсах. Калі вы любіце завіхацца каля цеста, гэтае кулінарнае спаборніцтва якраз для вас.

На конкурс кожны ўдзельнік прадстаўляе адзін выраб у адной намінацыі. Калі гэта «Традыцыйны каравай» – то ў хатніх умовах па традыцыйным рэцэпце гатуецца пірог, каравай ці булка (добра, калі выраб мае сваю сямейную гісторыю). У намінацыі «Сучасны каравай» спаборнічаюць кандытарскія вырабы, якія ўяўляюць сабой кампазіцыю, аб’яднаную агульнай тэматыкай, таксама гэта можа быць пірог ці торт, прыгатаваны без выпечкі з ужо гатовых інгрэдыентаў, напрыклад, пернікавы ці зефірны.

Прыгатавалі – лічы, палову справы зрабілі. Другая палова – прэзентаваць свой выраб, расказаць пра тэхналогію прыгатавання, рэцэптуру, гісторыю і, вядома, не забыцца пра дэгустацыю: не паспрабуеш – не ацэніш смакавыя якасці стравы. Абавязкова прыдумайце для свайго печыва назву!

Багата караваяў – багата ўзнагарод. У абедзвюх намінацыях прадугледжаны Гран-пры, першае, другое і трэцяе месцы. Звярніце ўвагу: уладальнікі Гран-пры атрымаюць грашовае ўзнагароджанне ў памеры 140 рублёў, за першае месца – 125, за другое – 110, за трэцяе – 90. Таксама журы адзначыць канкурсантаў у спецыяльных намінацыях: «Кулінарная спадчына», «Смак дзяцінства», «Самы вялікі каравай», «Арыгінальная прэзентацыя», «Незвычайнае спалучэнне інгрэдыентаў», «Арыгінальнае афармленне».

Заяўкі прымаюцца па электроннай пошце rmcsvisloch@mail.rukultura-sv@yandex.ru з паметкай «Конкурс «Матулін каравай» да 11 жніўня, ці па тэл./факсу 3-34-82.

Наталля ТУРКО