Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.03.2021

Традыцыйна ў канцы сакавіка, у дні вясновых канікул, бібліятэкі ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка” праводзяць Тыдзень дзіцячай кнігі

“Кніжкіны імяніны” – гэта свята дапытлівых дзяцей, улюбёных у кнігу, свята, якое прыносіць радасць ад сустрэчы з цікавымі кнігамі.

24 сакавіка Вердаміцкая бібліятэка сумесна з сельскім філіял-клубам і  інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам Вердаміцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы арганізавалі свята кнігі “Цуды ў кніжнай краіне”. Вядучая запрасіла рабят зазірнуць у гісторыю свята “Кніжкіны імяніны”, калі ў цяжкі ваенны час для галодных і абяздоленых дзяцей пісьменнікі арганізавалі цудоўнае прадстаўленне, поўнае радасці і захапленняў. У госці да школьнікаў прыйшлі вясёлыя героі казкі Маша і Мядзведзь. Яны падрыхтавалі для юных удзельнікаў свята шмат выпрабаванняў, разам з цікавымі дзіцячымі кнігамі падарожнічалі па краіне Ведаў. Прыйшліся да спадобы дзяўчынкам і хлопчыкам літаратурная гульня “Адгадай-ка”, конкурсы знаўцаў літаратуры “Мішкіны замарочкі” і “Загаданачкі”, казачная віктарына “Хто мы і адкуль?”, конкурс скорагаворшчыкаў “Хто хутчэй”, музычны конкурс “Песні з мультфільмаў”. Разам з Машай і Мядзведзем рабяты пазнаёміліся з кніжнай выставай “Вясёлыя дзіцячыя кнігі”, успомнілі вядомыя выказванні знакамітых людзей, пісьменнікаў і навукоўцаў пра сяброўства з кнігай і чытанне. Свята было цікавым, вясёлым і задорным, а ў заключэнні сустрэчы для дзяцей казачныя героі падрыхтавалі прысмакі.

 

25 сакавіка Свіслацкая дзіцячая бібліятэка запрасіла вучняў 3-х “Б” класаў гімназіі № 1 імя. К.Каліноўскага і СШ № 2 ім. М.П.Масонава на святочнае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі – літаратурную карусель “Лепшых кніг адкрыты вам старонкі”.  Дзеці здзейснілі незвычайнае падарожжа ў казачнае каралеўства Кнігі. Пасля прывітальнага слова вядучай прысутныя даведаліся пра гісторыю свята, пачулі, што ініцыятарам святкавання “Кніжкіных імянін” стаў вядомы рускі  дзіцячы пісьменнік Леў Касіль. На свяце дзяцей чакала насычаная праграма. Яны з задавальненнем адказвалі на пытанні конкурсу “Казачныя героі”, прапанаванага Каралевай Кнігай. Добрыя веды дзіцячых кніг дапамаглі хлапчыкам і дзяўчынкам хутка і правільна адгадаць загадкі “Казачнага дуба”, паспяхова справіцца з пытаннямі літаратурнай віктарыны, якія яны адшукалі на крылах “кніжных матылькоў”. Пад вясёлую песню “Ёсць па суседству бібліятэка” дзеці ўдзельнічалі ў гульні “Раскрый партрэт казачнага героя”. Традыцыйна ў бібліятэцы ў Тыдзень дзіцячай кнігі праводзіцца ўшанаванне лепшых чытачоў. Рабяты  ішлі да гэтага цэлы год: чыталі цікавыя кнігі, удзельнічалі ў бібліятэчных мерапрыемствах. Самыя актыўныя і начытаныя атрымалі заслужаныя ўзнагароды і прызы. Сярод іх: Левэ Іван (намінацыя “Лідэр чытання”), Міхальчэня Дамініка, Курбат Павел, Сычэўнік Ангеліна, Блыш Дамініка, Сталярчук Юлія, Чудакова Яна, Ботвіч Ангеліна  (намінацыя “Лепшы чытач”), Клапацюк Ульяна, Багданец Вікторыя (намінацыя “Добры сябар бібліятэкі”).

Наперадзе дзятву чакае радасць чытання і шчаслівыя незабыўныя хвіліны сустрэчы з літаратурнымі героямі. Хай кніга стане мудрым сябрам на ўсё жыццё!