Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.03.2021

Сэрцам краніся роднага слова

Ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. 

У школах распрацавалі спецыяльныя планы святкавання Дня беларускай мовы, у якія ўключылі разнастайныя конкурсы, віктарыны, літаратурныя чытанні, акцыі, гульні, забавы, экскурсіі. Цэнтралізавана вучні раёна паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе-гульні па беларускай мове “Буслік-2021”.

У гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага вучняў 3–6 класаў запрасілі прыняць удзел у анлайн-квэсце “Па-беларуску”. З задавальненнем старшакласнікі стваралі буктрэйлеры “Чытаем беларускіх класікаў”. Цікава прайшлі літаратурныя чытанні твораў пра роднае слова, родную зямлю, малую радзіму, беларускі народ. Не абыйшлося і без традыцыйнай акцыі “Размаўляй па-беларуску”. 

Пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску” праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, у СШ № 2. Вучні шостых класаў у шосты школьны дзень прынялі ўдзел у пазнавальнай гадзіне “Размаўляй са мной па-беларуску”. Шмат зацікаўленых дзяцей наведалі спецыяльна арганізаваную выставу кніг беларускіх аўтараў.

Незвычайнае падарожжа ў краіну беларускіх казак здзейснілі школьнікі Грынкаўскага ДС БШ. Для вучняў 3–4 класаў быў арганізаваны турнір знаўцаў беларускай мовы “Родная мова – цудоўная мова!”. Шмат удзельнікаў сабраў конкурс чытальнікаў баек Кандрата Крапівы, таксама дзеці даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях беларускага пісьменніка, праглядзелі відэафільм з успамінамі блізкіх да яго людзей.

“Як ты дорага мне, мая родная мова!” – пад такой назвай прайшоў флаерфэст у Поразаўскай СШ. Вучняў усіх класаў аб’ядналі паэтычны слэм “Роднага слова мелодыя спеўная”, дзе кожны мог выказацца праз любімыя творы, пазнавальная гульня “Краязнаўчае лато”.

Конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў правялі ў Вердаміцкім ДС СШ. Вучні 4–6 класаў здзейснілі літаратурнае экападарожжа “Чароўны свет прыроды”.

У пазнавальным мерапрыемстве “Як ты дорага мне, мая родная мова”, конкурсах чытальнікаў і малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў паўдзельнічалі школьнікі Дварчанскага ДС БШ.

Дабравольцы паспрабавалі свае сілы ў турніры знаўцаў роднай мовы “Паўтараем, на роднай мове размаўляем!”, конкурсах творчых работ “За што я люблю родную зямлю”, “Самы шчыры беларус”, гульні-віктарыне “Размаўляем па-беларуску”.

У шосты школьны дзень корнадзьскія рабяты прынялі ўдзел у конкурсе на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў “Гучы, роднае слова!”. Старшакласнікі перагарнулі чатыры старонкі вуснага часопіса “Сэрцам роднага слова краніся”. Для навучэнцаў былі арганізаваны чэлендж “Мова”, тэматычная інфармацыйная гадзіна “Міжнародны дзень роднай мовы”, кніжныя выставы. 

У Навадворскай СШ мерапрыемствы прайшлі пад дэвізам “Якія цудоўныя назвы і словы, якая цудоўная родная мова”. Старшакласнікаў запрасілі на інтэлектуальна-пазнавальную гульню па творчасці Івана Шамякіна. Таксама ў школе прайшла акцыя “Родныя словы”.

Бібліямікс “Жылі лёсам людзей”, дэжавю “Цікавыя факты пра мову”, літаратурную кампазіцыю-партрэт “Вялікі і непаўторны талент” арганізавалі ў Ханявіцкім ДС СШ. Таксама вучні і іх бацькі наведалі творчую майстэрню “Паэтычны каляндар прыроды”. Шмат жадаючых знайшлося, каб паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні “Смак роднай мовы”.

Тыдзень беларускай мовы стаў для ўдзельнікаў яркім і запамінальным, падарыў цікавыя сустрэчы з гісторыяй свайго народа, дапамог усвядоміць каштоўнасць беларускай нацыі, абудзіць павагу да роднага слова, імкненне захоўваць сваю культуру і традыцыі, выклікаў патрыятызм і гонар да культурнай і гістарычнай спадчыны краіны.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ