Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.12.2021

Спорт у літаратуры

На працягу 2021 года ў рамках праекта для моладзі «Будзь у фармаце – чытай беларускае» дзяржаўная ўстанова культуры «Свіслацкая раённая бібліятэка» пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Свіслацкая газета» і Свіслацкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ арганізавалі крэатыў-конкурс «Фатаграфія з любімай кнігай беларускага аўтара».

Проект быў створаны з мэтай развіцця цікавасці маладых людзей да кніг беларускіх аўтараў.

Бібліятэкары запрасілі моладзь прыняць удзел у крэатыў-конкурсе і прапанавалі зрабіць цікавую версію фотапартрэта – сэлфі з кнігай, і менавіта з бе­ларускай кнігай. Такім чынам маладыя людзі зрабілі рэкла­му любімай кнігі беларускага аўтара і, магчыма, каго-не­будзь ёй зацікавілі. Чатырнаццаць удзельнікаў прапанавалі свае фотаздымкі. Кожны жадаючы мог пакінуць свой голас за пэўнага ўдзельніка: раённая бібліятэка арганізавала анлайн-галасаванне ў сацыяльных сетках. Пераможцам стаў Арсеній Гуляй, за якога прагаласавала большая колькасць людзей. Ён заўсёды прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіць бібліятэка. Таму перамога Арсенія заслужаная.

Арсеній Гуляй – навучэнец 10 класа гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага. Як і многія аднагодкі, захапляецца спартыўнымі гульнямі, любіць чытаць аб вядомых спартсменах і пра розныя віды спорту. Найбольш захапіла яго кніга Алеся Камароўскага «Пенальці», якая складаецца з некалькіх аповесцей і апавяданняў. Асаблівае ўражанне аказалі аповесці «Заварожаны мяч» і «Пенальці» пра самую папулярную спартыўную гульню – футбол. У цэнтры ўвагі пісьменніка – лёс футбольнай каманды і яе ігракоў. Аўтар закранае самыя розныя грані чалавечага характару – сумленнасць, адданасць любімай справе, вернасць калектыву. Гэтыя аповесці Алеся Камароўскага – першыя ластаўкі ў беларускай літаратуры на футбольную тэму. Аўтар дасягнуў галоўнага: яскрава паказаў, што футбол – гэта штодзённая цяжкая праца і пошук на шляху павышэння спартыўнага майстэрства. Толькі ў цяжкай працы вырастае сапраўдны футбаліст, вялікі спарстмен і, вядома, чалавек.  


Вольга БОТВІЧ

Фота аўтара