Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.08.2021

У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся вечар-партрэт “Самабытны ганчар”

У Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся вечар-партрэт “Самабытны ганчар”, прымеркаваны да стогадовага юбілею поразаўскага майстра чорназадымленай керамікі Іосіфа Іосіфавіча Шопіка, лаўрэата Другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, удзельніка ВДНГ СССР і ВДНГ БССР. Сярод яго ўзнагарод – бронзавы медаль ВДНГ СССР.

Месцам правядзення вечара-партрэта невыпадкова стаў музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”, бо ў ім захоўваецца мноства экспанатаў і фотаматэрыялаў поразаўскага ганчара. Вырабы, зробленыя рукамі Іосіфа Іосіфавіча, экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, іншых музеях Рэспублікі Беларусь.

У цёплай і сяброўскай атмасферы прысутныя перагарнулі старонкі жыцця земляка, таленавітага чалавека, знатнага ганчара, вырабамі якога праславілася поразаўскае ганчарства – Іосіфа Шопіка. Чаго толькі не тварылі рукі народнага майстра: вялікія гаршкі і сераднякі, скляпнікі і пітушкі, мяліцы і макотры, збаны і гарлачы, кубкі і вазоннікі, трохногія патэльні і рознафігурныя пасвісцёлкі для дзяцей.

Сваімі ўспамінамі пра Іосіфа Іосіфавіча падзялілася пляменніца Тарэса Пятроўна Рудоміна. Яна адзначыла, што дзядзька быў чалавекам не толькі таленавітым і працавітым, але лагодным, гасцінным і заўсёды жыццярадасным. Яна падзякавала арганізатараў вечара і ўсіх, хто прыйшоў ушанаваць яго памяць.

Аб яркіх момантах сустрэч з выдатным ганчаром распавялі Рамуальд Францавіч і Яніна Іванаўна Сакалоўскія, Ніна Уладзіміраўна Калач. У гэты дзень, дзень святкавання стогадовага юбілею І.І.Шопіка, музейны пакой папоўніўся яшчэ адным экспанатам знакамітага майстра.

Тэматычным было і музычнае суправаджэнне мерапрыемства. На працягу вечара гучалі песні пра ганчарнае рамяство і родны край. 

Ніна Калач , загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі