Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.08.2021

Вечар-партрэт “Самабытны ганчар”

22 жніўня ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства адбыўся вечар-партрэт “Самабытны ганчар”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння поразаўскага майстра чорназадымленай керамікі Іосіфа Іосіфавіча Шопіка, лаўрэата Другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, удзельніка ВДНГ СССР і ВДНГ БССР. Сярод яго ўзнагарод – бронзавы медаль ВДНГ СССР.

Месцам правядзення вечара-партрэта невыпадкова стаў музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”, бо ў ім захоўваецца мноства экспанатаў і фотаматэрыялаў поразаўскага ганчара. Вырабы, зробленыя рукамі Іосіфа Іосіфавіча, экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, іншых музеях Рэспублікі Беларусь.

У цёплай і сяброўскай атмасферы прысутныя перагарнулі старонкі жыцця земляка, таленавітага чалавека, знатнага ганчара, вырабамі якога праславілася поразаўскае ганчарства – Іосіфа Шопіка. Чаго толькі не тварылі рукі народнага майстра: вялікія гаршкі і сераднякі, скляпнікі і пітушкі, мяліцы і макотры, збаны і гарлачы, кубкі і вазоннікі, трохногія патэльні і рознафігурныя пасвісцёлкі для дзяцей.

 Сваімі ўспамінамі пра Іосіфа Іосіфавіча падзялілася пляменніца Тарэса Пятроўна Рудоміна. Яна адзначыла, што дзядзька быў чалавекам не толькі таленавітым і працавітым, але лагодным, гасцінным і заўсёды жыццярадасным. Яна падзякавала арганізатараў вечара і ўсіх, хто прыйшоў ушанаваць яго памяць.

Аб яркіх момантах сустрэч з выдатным ганчаром распавялі Рамуальд Францавіч і Яніна Іванаўна Сакалоўскія. У гэты дзень, дзень святкавання стогадовага юбілею І.І.Шопіка, музейны пакой папоўніўся яшчэ адным экспанатам знакамітага майстра, які падарыла Ніна Уладзіміраўна Калач. Ёй таксама давялося сустракацца і гутарыць з ганчаром.

Тэматычным было і музычнае суправаджэнне вечара. У выкананні работнікаў Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу, а таксама бібліятэкара прагучалі песні пра ганчарнае рамяство і родны край.