Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

"Адсутнасць эфекту ад санкцый" - Галоўчанка назваў галоўную контрсанкцыю Беларусі

07.07.2024
 6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка назваў галоўную контрсанкцыю Беларусі ў адказ на эканамічны націск, які зведвае краіна, і гэта адсутнасць эфекту ад санкцый. Аб гэтым старшыня ўрада заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках нарады ў Прэзідэнта на тэму процідзеяння санкцыйным мерам у адносінах да Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер мы працуем над тым, каб прадпрыемствы і галіны Беларусі не панеслі ўрону ад санкцый. Адсутнасць эфекту ад санкцый - гэта пакуль наша галоўная контрсанкцыя", - сказаў прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што Беларусь упершыню сутыкнулася з незаконнымі сектаральнымі санкцыямі, якія супярэчаць міжнароднаму праву. "Мы прааналізавалі кожную галіну, якая зведала санкцыйны націск, вычленілі ўсе рызыкі, ацанілі магчымыя страты і сфармулявалі траекторыю руху для мінімізацыі гэтых страт", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, урад адэкватна ацэньвае магчымыя страты. "Нават паводле міжнародных ацэнак, кансалідаваныя фінансавыя і гандлёвыя санкцыі не ствараюць умоў для істотнага парушэння эканомікі краіны. А як знівеліраваць наступствы, мы ведаем. Я ўпэўнены, што беларускі народ не адчуе гэтага ўплыву, хоць менавіта на народ санкцыі і накіраваны", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Адной з прычын націску на Беларусь старшыня ўрада лічыць паспяховае развіццё эканомікі краіны. "Насуперак усім алармістам, якія чарговы раз прадракалі нам спад і разбурэнне, мы вельмі добра прырастаем па экспарце - выраслі амаль на трэць за 5 месяцаў, гэта $4 млрд дадаткова атрымалі, плацежны баланс краіны мае самы лепшы выгляд за апошнія 10 гадоў", - падкрэсліў кіраўнік урада.

У той жа час ён выказаў надзею, што на захадзе возьме верх разважлівасць і націск спыніцца. "Мы па-ранейшаму гатовы да дыялогу. Мы гатовы за сталом перагавораў абмяркоўваць усе пытанні ў інтарэсах нашай краіны і беларускага народа, але толькі без дыктату", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, па ўсіх акрэсленых пытаннях было даложана кіраўніку дзяржавы на нарадзе і Прэзідэнт падтрымаў і стратэгію, і тактыку дзеянняў, прапанаваныя ўрадам. "У нас, з аднаго боку, няма панікі, з другога - няма і легкадумнага стаўлення. Мы разумеем сур'ёзнасць моманту. Бо ўпершыню на еўрапейскай тэрыторыі супраць еўрапейскай краіны прымяняюцца такія меры. Але ў нас ёсць і запас трываласці, і сіла, і воля", - заявіў прэм'ер-міністр.

На ўдакладняльнае пытанне карэспандэнта БЕЛТА, як далёка гатова зайсці Беларусь у прыняцці мер у адказ і ці могуць контрсанкцыі закрануць, у прыватнасці, транзітныя перавозкі, Раман Галоўчанка сказаў: "Што датычыцца транзіту і іншых маршрутаў - гэта опцыя ёсць, але мы будзем глядзець на паводзіны нашых еўрапейскіх партнёраў і задзейнічаць тыя меры, якія будуць адэкватнымі цяпер і не нанясуць урону беларускай эканоміцы".

"Мы ў прынцыпе не прыхільнікі гандлёвых войнаў. У нас ёсць шэраг крокаў палітыка-дыпламатычнага характару, і дастаткова жорсткія крокі былі зроблены па лініі Міністэрства замежных спраў на працягу мінулага тыдня і ў канцы чэрвеня. У нас выпрацаваны дадатковыя крокі, якія мы будзем прымяняць у выпадку ўзмацнення націску на нашу краіну", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.