Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Качанава: сустрэча са студэнтамі БДУ прайшла ў фармаце трохгадзіннага адкрытага дыялогу

21.01.2024

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча адбылася ў верхняй палаце парламента і прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.

"Гэта была просьба юнакоў і дзяўчат правесці нашу сустрэчу ў Савеце Рэспублікі, каб паглядзець на гэты дзяржаўны орган, чым ён займаецца і дзе знаходзіцца. Таму сёння мы запрасілі іх сюды. Гэта студэнты і магістранты БДУ. Я лічу, што любая такая сустрэча - гэта дыялогавая пляцоўка, дзе можна адказаць на пытанні, а самае важнае - даведацца, што хвалюе сёння маладых людзей, пачуць іх меркаванне", - расказала Наталля Качанава.

Сустрэча з моладдзю доўжылася тры гадзіны. "Пытанняў сёння, сапраўды, было вельмі шмат. Абсалютна на розныя тэмы. Маладыя людзі актыўна цікавіліся эканомікай, перспектывамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Яны гаварылі пра Кодэкс аб адукацыі, аб тым, што магчыма трэба ўнесці змяненні ва ўступную кампанію. Іх цікавілі пытанні, звязаныя з захворваннем на каранавірус, маё асабістае меркаванне і стаўленне да тых ці іншых праблем. Гаварылі і пра работу сродкаў масавай інфармацыі, таму што на сустрэчы прысутнічалі студэнты-журналісты", - адзначыла спікер.

Наталля Качанава падкрэсліла, што пытанні ад студэнтаў паступалі розныя па сваім змесце і глыбіні. "І мне сёння гэта сустрэча вельмі спадабалася, як, уласна, і заўсёды. Зыходзячы з гэтых сустрэч, вядома, робім пэўныя высновы для таго, каб выразна разумець, у якім напрамку мы павінны рухацца далей і працаваць. Таму такая форма сустрэч заўсёды цікавая. Думаю, што было цікава і моладзі", - дадала яна.

Студэнт 4-га курса факультэта журналістыкі БДУ Максім Цюцянькоў упэўнены, што такія дыялогавыя пляцоўкі для моладзі вельмі важныя. "Таму што менавіта тут мы можам атрымаць з першых вуснаў адказы на пытанні, якія нас цікавяць. Да гэтай сустрэчы асабіста я рыхтаваўся, пытаўся ў сваіх аднакурснікаў, што іх хвалюе. Безумоўна, моладзь хвалюе адукацыйны працэс. А выпускнікоў - пытанні размеркавання і праходжання практыкі. Гэта сустрэча для мяне мае вялікае значэнне. Пачутай сёння інфармацыяй я абавязкова падзялюся са сваімі равеснікамі, - расказаў ён. - Вельмі добра, калі моладзь чуюць і слухаюць. І гэтак заўсёды было ў нашай краіне".

Студэнтка 4-га курса філалагічнага факультэта БДУ Настасся Еўтушкевіч адзначыла, што вучыцца на бюджэце і таму цяпер яе больш за ўсё хвалюе пытанне будучага працаўладкавання. Дзяўчына ўдзячна, што сустрэчы з моладдзю праходзяць на такім высокім узроўні. "Прыемна, што такія высокапастаўленыя асобы знаходзяць час і магчымасць з намі сустрэцца. Для нас гэта вельмі важна. Думаю, сёння ў нас адбыўся канструктыўны дыялог", - дадала яна.

Удзельнікі адкрытага дыялогу адзначылі, што ўдзячныя Наталлі Качанавай за такую сустрэчу і магчымасць пагаварыць на роўных, а таксама ўбачыць і зразумець, як і дзе прымаюцца законапраекты, што сабой уяўляе ўладкаванне апарату верхняй палаты парламента, як праходзіць работа сакратарыята і членаў Савета Рэспублікі.

Акрамя сустрэчы з Наталляй Качанавай для юнакоў і дзяўчат была праведзена экскурсія па будынку Савета Рэспублікі, яны паглядзелі музейную экспазіцыю і зрабілі фота на памяць.-0-

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.