Версія для друку
Памер
+
Друк

Лукашэнка аб эфектыўнасці работы прадпрыемстваў: мяне хвалююць людзі

28 жніўня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ў першую чаргу пры вырашэнні пытанняў работы тых ці іншых прадпрыемстваў яго хвалююць людзі - работнікі вытворчасцей - і іх зарплаты. Гэта кіраўнік дзяржавы падкрэсліў сёння ў час паездкі ў Оршу, дзе ён наведвае прадпрыемства па вытворчасці сыроў ТАА "Савушкін-Орша", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля прылёту кіраўнік дзяржавы пацікавіўся работай прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця. Сучасная вытворчасць паступова нарошчвае магутнасці, а значыць, мае патрэбу як у дадатковых рабочых руках, так і ў сыравіне.

У Оршы дзейнічае яшчэ і завод плаўленых сыроў, маючы істотныя даўгі. Пры гэтым аб'ёмы прадукцыі завода ў цяперашніх умовах лёгка замясціць, а людзі цяпер там атрымліваюць зарплату ў сярэднім на трэць ніжэйшую, чым у ТАА "Савушкін-Орша". Было адзначана, што ўжо гатовых спецыялістаў ёсць магчымасць працаўладкаваць на новае прадпрыемства, забяспечыўшы рост іх даходаў. Больш таго, вызваліцца пэўны аб'ём сыравіны. Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года дэталёва прапрацаваць пытанне, вырашыць, ці трэба захоўваць старую вытворчасць, што рабіць з даўгамі, за кошт якіх крыніц іх пагашаць.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: галоўнае - гэта даходы людзей, высокаэфектыўныя працоўныя месцы. "Мяне хвалююць людзі, - сказаў ён. - Мы не павінны людзей кідаць. Сядайце і вырашайце гэта пытанне. Мы павінны з 1 студзеня працаваць так, як трэба. Што нават, калі трэба будзе, задзейнічаць Магілёўскую вобласць - край для сыравіннай зоны".

У час размовы з работнікамі прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы зноў вярнуўся да гэтага пытання. "Я ведаю, што ў вас не хапае тут 60-70 чалавек. Іх вымушаны нават з Брэста вазіць, як мне дакладвалі. Ёсць у нас завод плаўленых сыроў. Вядома, параўноўваць той завод з гэтым - ні ў якія вароты. Таму калі Аляксандр Міхайлавіч (уладальнік кампаній "Савушкін прадукт" і "Санта Брэмар" Аляксандр Машэнскі. - Заўвага БЕЛТА) возьме на сябе гэты груз і забярэ сюды людзей, забяспечыць выпуск той прадукцыі і будзе глядзець за сыравіннай зонай, то мы пойдзем на тое, каб на той пляцоўцы стварыць нешта новае, можа, нават зменім напрамак. Я даручыў з імі папрацаваць, дамовіцца. Я думаю, што людзі з задавальненнем пяройдуць, таму што ў вас зарплата на 30 працэнтаў вышэйшая, чым там. Там такая зарплата, якой не павінна ўжо быць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што такія вытворчасці, як "Савушкін-Орша", выпускаюць добрую прадукцыю, атрымліваюць за яе добрыя грошы і, адпаведна, цягнуць за сабой сыравінныя зоны. "Не будзе малака - значыць, не будзе працаваць завод. Таму трэба глядзець за гэтымі калгасамі, саўгасамі, якія ў вас ёсць. У "Савушкіна прадукту" іх 144, тут - 23. Я настойваю на тым, што калі ты перапрацоўшчык (няважна, прыватны або дзяржаўны), то павінен перапрацоўваць малако і глядзець за калгасамі, саўгасамі. Калі ты будзеш зацікаўлены ў развіцці сыравіннай зоны, значыць, будзе добра вяскоўцам і будзе добра вам. Таму было прынята рашэнне падтрымаць Аляксандра Машэнскага і прадаставіць яму сыравінную зону з умовай, што яна будзе развівацца", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што па такой сістэме ў Віцебскай вобласці будуць працаваць і далей, яна ўжо выбудоўваецца і ад яе чакаюць рэзультату. "Губернатар абяцае, што рэзультат будзе", - падагульніў беларускі лідар.

ТАА "Савушкін-Орша" створана ў кастрычніку 2018 года. У снежні таго ж года ў яго склад увайшло прадпрыемства "Аршанскі гарлачык" з дзвюма пляцоўкамі ў Оршы і Копысі. Агульная сума інвестыцыйных укладанняў з моманту набыцця склала больш як $41 млн.

Цяпер на месцы ўстарэлай вытворчасці з нуля пабудавана новая высокатэхналагічная вытворчая пляцоўка, якая адпавядае ўсім міжнародным стандартам якасці і бяспекі выпускаемай прадукцыі. Пляцоўка спецыялізуецца на вырабе запатрабаванай на рынку катэгорыі свежых сыроў пад брэндамі "Савушкін" і Sveza.

ТАА "Савушкін-Орша" пачало ўжо выпуск першых свежых сыроў: фета і брынза (імпартазамяшчэнне і запатрабаваныя экспартныя прадукты). Стартавая магутнасць складае 20 т свежага сыру ў суткі. На чарзе - адыгейскі, кеса бланка, каўказскі. Акрамя таго, ужо восенню пачнецца мантаж новых ліній па вытворчасці мацарэлы, запуск плануецца на студзень 2021 года.

Да завяршэння трэцяга этапу мадэрнізацыі ў чэрвені 2021 года патрэбнасць у сыравіне толькі на аршанскай пляцоўцы вырасце да 600 т у суткі. Таму адна з асноўных задач, якія стаяць перад кампаніяй сёння, - цесная работа з выкарыстаннем існуючага вопыту з гаспадаркамі сыравіннай зоны, размешчанымі ў Аршанскім і Дубровенскім раёнах Віцебскай вобласці, па павышэнні якасці і колькасці малака, якое паступае на перапрацоўку.

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://svisloch.grodno-region.by/by/republic-by/view/lukashenka-ab-efektyunastsi-raboty-pradpryemstvau-mjane-xvaljujuts-ljudzi-16382/

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2016
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА