Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка агучыў патрабаванні да пераразмеркавання паўнамоцтваў

31.03.2024
 30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры размеркаванні паўнамоцтваў у аснову неабходна ставіць непахісныя прыярытэты - камфорт і дабрабыт насельніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пераразмеркаванне паўнамоцтваў адбываецца нячаста, таму трэба ўзважыць усе за і супраць па кожным пункце. Пры гэтым у аснову, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна ставіць непахісныя прыярытэты - камфорт і дабрабыт насельніцтва.

"Што хвалюе перш за ўсё? Ці гатовы тыя, хто хоча дадатковых паўнамоцтваў, да іх рэалізацыі? Гэта ж не толькі дадатковае права аператыўна і гібка вырашаць пытанні, але і нагрузка, дадатковая адказнасць. Адказнасць - ключавы аспект ва ўсёй гэтай нашай рабоце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прававыя акты аб перадачы паўнамоцтваў павінны змяшчаць выразны адказ на пытанне: хто канкрэтна будзе адказваць за прымаемыя рашэнні? І ніякага дваякага тлумачэння тут быць не павінна, адзначыў ён.

"Ці прадуманы магчымыя рызыкі? Ці не здарыцца так, што праз нейкі час у кожным рэгіёне ўстановіцца свая практыка прыняцця рашэнняў, і яна будзе адрознівацца. Да чаго гэта можа прывесці ў сучасным свеце, мы разумеем. У мяне таксама ёсць вопыт: гэта было ў Расіі. І я помню маладога Пуціна, калі ён толькі стаў прэзідэнтам пасля Ельцына, мы абмяркоўвалі гэта пытанне: што ні рэгіён (хоць у Расіі гэта апраўдана, яна велізарная краіна), абсалютна розныя рашэнні. І ў кучу сабраць Расію многага каштавала. Нам трэба гэта ці не?" - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: працэс пераразмеркавання паўнамоцтваў павінен быць цесна ўвязаны з канстытуцыйнай рэформай.

"Мы не павінны прымаць рашэнні, якія ў выніку работы над Канстытуцыяй потым давядзецца адмяняць або прыводзіць у іншы стан. Таму трэба будзе цесна весці работу з Канстытуцыйнай камісіяй. І на аснове новай Канстытуцыі мы павінны прыйсці да выверанай і ідэальна прадуманай вертыкалі ўлады з абноўленымі паўнамоцтвамі", - падагульніў Прэзідэнт.-0-

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.