Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка: стабільная работа прамысловасці - краевугольны камень эканомікі краіны

27.08.2024
Лукашэнка: стабільная работа прамысловасці - краевугольны камень эканомікі краіны

27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стабільная работа беларускай прамысловасці - краевугольны камень эканомікі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па развіцці важнейшых арганізацый Міністэрства прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўнай тэмай нарады стала сітуацыя, якая склалася на буйнейшых прадпрыемствах Мінпрама. "Мы ўдакладнім, чым яны жывуць і, самае галоўнае, якой мы бачым перспектыву на гэтых прадпрыемствах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што некалькі дзён таму прыняў з дакладам першага віцэ-прэм'ера і міністра фінансаў. На сустрэчы з імі быў прааналізаваны стан спраў у крэдытна-фінансавай сістэме, разгледжаны пытанні напаўняльнасці бюджэту. "Усе вельмі добра разумеюць: чым эфектыўней работа прамысловых прадпрыемстваў, тым больш сродкаў паступіць у бюджэт. А значыць, дзяржава зможа прафінансаваць сацыяльныя праграмы ў большым аб'ёме. Мы, прааналізаваўшы бюджэт, не бачым праблем з фінансаваннем асноўных сацыяльных мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку і па заработнай плаце. У сувязі з гэтым стабільная работа прамысловасці, асабліва нашых буйнейшых прадпрыемстваў, - краевугольны камень эканомікі краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што бягучы год прынёс нямала выпрабаванняў: з-за пандэміі каранавіруса закрыліся многія рынкі, практычна спыніўся паўнацэнны рух капіталу і тавараў, асабліва па тых пазіцыях, якія вырабляюцца ў Беларусі. Цяпер да гэтага дадалася і няпростая палітычная абстаноўка ў дзяржаве, якую, паводле яго слоў, спрабуюць расхістваць як знутры, так і звонку. "Уплыў гэтага націску на ўнутрыэканамічную сітуацыю адчуваецца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніякай бязвыплатнай дапамогі нам ніхто не акажа. Нам трэба разлічваць на свае сілы і магчымасці".

Ва ўдзельнікаў нарады, перш за ўсё кіраўнікоў прадпрыемстваў, Прэзідэнт пацікавіўся, якая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўных калектывах, як ідуць вытворчыя працэсы і як складваецца сітуацыя з экспартам прадукцыі. "Збыт прадукцыі - гэта наша ключавая задача. Адсюль і валюта, і курс рубля і гэтак далей. Нельга сядзець і чакаць, што нехта да нас прыйдзе, выстраіцца ў чаргу перад варотамі завода і купіць гэту прадукцыю. Трэба варушыцца самім. Патрэбны меры падтрымкі экспарту - мы іх аказваем. Можа, яшчэ чым-небудзь трэба дапамагчы?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, па выніках сямі месяцаў амаль усе галіны прамысловасці дабавілі ў тэмпах росту, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Вядома, гэта станоўчыя сігналы, сказаў ён. У той жа час Прэзідэнт пацікавіўся прагнозамі, як прадпрыемствы плануюць завяршыць 2020 год. "Наступны год - гэта пачатак новай пяцігодкі, чаго б нам ні каштавала, трэба напружыцца і на фінішы дабавіць", - падагульніў беларускі лідар.

Паводле слоў міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, беларускія прампрадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, усе канвееры запушчаны, а прадукцыя рэалізоўваецца па заключаных кантрактах. "Сацыяльна-псіхалагічная абстаноўка за апошні тыдзень нармалізавалася і ацэньваецца як здавальняючая. Асобныя выпадкі спынення работы на некаторых участках сёння адсутнічаюць. З калектывамі пастаянна вядзецца растлумачальная работа. Эканамічныя прычыны для магчымых забастовачных мерапрыемстваў адсутнічаюць", - заявіў міністр.

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.