Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Даўно да мяне Дзед Мароз не заглядваў!

18.01.2024
Даўно да мяне Дзед Мароз не заглядваў!
Да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» актыўна далучыліся культработнікі Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы сумесна з ветэранскай арганізацыяй.  Казачныя героі – Дзед Мароз і Снягурка – паспяшаліся да вяскоўцаў, каб сказаць шчырыя віншаванні і пажаданні. 

З радасцю сустракалі іх былыя жывёлаводы Алена Міхайлаўна Барэль, Людміла Міхайлаўна Забароўская, Анастасія Вікенцьеўна Лобач і многія-многія іншыя. Яўгенія Станіславаўна Чурак, якая зусім нядаўна адзначыла сваё 75-годдзе, засмяялася: 

– Даўно да мяне Дзед Мароз не заглядваў! Як жа я рада! 

Сапраўдным падарункам стаў для былых настаўнікаў візіт такога вясёлага калектыву, дзе гучалі і смех, і добрыя словы, і пажаданні. Ніна Іванаўна і Барыс Віктаравіч Дзідзенка  пахваліліся сваёй навагодняй елачкай, з задавальненнем успомнілі маладыя гады, калі і самі неаднойчы былі  ў ролях зімніх герояў. Ганна Пятроўна Лукашэвіч нават прачытала вершы.
Ззялі ад задавальнення вочы ў Вольгі Іванаўны Акудовіч, Кацярыны Фёдараўны Чурак, Веры Леанідаўны Гошка, Ларысы Аляксандраўны Саўко. А ўнукі Галіны Аляксандраўны Гінч цэлае вершаванае прадстаўленне паказалі.

Акцыя працягнулася. Перш-наперш казачныя героі пастукаліся ў дзверы Алены Сяргееўны Салагубік. Менавіта ў першы дзень новага 2023 года яна адзначала свой юбілей – 75-годдзе. У яе ўтульнай кватэры было шматлюдна. Сабраліся ў юбіляршы родныя і сябры. А вось візіт нечаканых гасцей быў вельмі прыемным. Алена Сяргееўна добрасумленна адпрацавала больш за сорак гадоў у бухгалтэрыі мясцовага калгаса. Зараз цешыцца ўнукамі і праўнукамі, шмат чытае і з задавальненнем заглядвае на мерапрыемствы ў клубную ўстанову. 

У гэты дзень прымалі віншаванні са святамі былыя жывёлаводы, медыцынскія работнікі, работнікі пошты, культработнікі – усе тыя, хто даўно ўжо на заслужаным адпачынку. Здаецца, атуленыя цеплынёй і клопатам родных, але як патрэбна ім такая ўвага. 



9 студзеня цяпер ужо Снягурка і сімвал 2023 года – кошка Катафееўна – зайшлі ў госці  да жыхароў вёсак Глушкі, Бязводнікі, Каліноўская і Раманаўцы. Дзень толькі распачынаўся: хто брыўся, хто яшчэ толькі зачыняў пратопленую печ, хто снедаў, але ўсе справы былі адкладзены, калі пастукаліся ў дзверы нечаканыя госці. Са здзіўленнем і задавальненнем прымала віншаванні Алена Антонаўна Пракопік з вёскі Бязводнікі. На яе асабістым календары зусім хутка заззяе лічба 85, але і яна верыць у казку, дабро і цеплыню.

– Дзякуй, што дажылі да такіх цудоўных дзён! Хай і наступны год будзе мірным!

Яе падтрымала і Людміла Іванаўна Гарошчык з вёскі Каліноўская, яркі жыццёвы шлях якой і да гэтае пары прыклад для вясковых жыхароў. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, ардэнаносец (партрэт гэтай абаяльнай жанчыны не раз упрыгожваў раённую і нават рэспубліканскую Дошку гонару), сустрэла яна гасцей ў добрым настроі і доўга не адпускала іх з хаты. Хацелася гаварыць, успамінаць, дзякаваць, радавацца, што яшчэ і зараз пра яе ўспамінаюць.

Акцыя «Ад усёй душы» дала магчымасць у каторы раз сустрэцца з людзьмі сталага ўзросту, абмеркаваць навіны, атрымаць падарункі, якія былі зроблены рукамі работнікаў клубнай установы. А колькі ў гэтыя дні было ўспамінаў!

Мы развітваліся з вяскоўцамі, жадалі ім шчасця і дабрабыту і добра ведалі, што праз пару дзён да іх завітае Каза-Калядоўшчыца, каб прынесці ў кожны дом здароўе і шчадроты!

Марыя САМАЛЕВІЧ, загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы
© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.