Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Семінар-практыкум клубных работнікаў па традыцыйных рамёствах адбыўся ў раёне

15.12.2024
Семінар-практыкум клубных работнікаў па традыцыйных рамёствах адбыўся ў раёне
Гаворка ішла пра народныя рамёствы ў сучасных умовах існавання.

У рабоце семінара прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Паўлючэня, дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Мацкевіч. Экспертамі па вынесенай на абмеркаванне тэме выступілі вядучыя метадысты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Гарчычка і Андрэй Пятрук.



Паказчыкі работы па адраджэнні фальклору ў Свіслацкім раёне ў бягучым годзе і перспектывы развіцця, інвентарызацыя этнаграфічных прадметаў на прыкладзе дзейнасці музеяў, музейных пакояў і экспазіцый, створаных на базе ўстаноў культуры клубнага тыпу Гродзенскай вобласці, традыцыі вырабу чорнаглянцавай керамікі на Свіслаччыне, вопыт работы мясцовага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, пераемнасць мастацкіх практык саломапляцення і выцінанкі, умовы практыкавання элемента нематэрыяльнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання поразаўскай банкухі”, дзейнасць аматарскага аб’яднання “Майстры пушчанскага краю” – пытанні, якія былі пастаўлены ў парадак дня.










Цікавай часткай сустрэчы сталі прапанаваныя свіслацкімі майстрамі майстар-класы па ручному ткацтву, саломапляценні, пісанцы, ткацтву на кроснах, ганчарству, выцінанцы, пляценню з папяровай “лазы” і сучасным відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці. 












Як можна выкарыстаць вырабы народных рамёстваў у абрадах і святах, прадэманстраваў фальклорны калектыў “Крынічанька”, паказаўшы фрагмент абрада “Хрэсьбіны”.










Пазнаёміцца з работамі мясцовых рамеснікаў заклікала арганізаваная ў фае выстаўка.









– Семінар быў прысвечаны пытанням папулярызацыі і захавання народных рамёстваў, але мы сёння гаварылі ў цэлым аб традыцыйнай культуры раёна, – падкрэсліла Ірына Гарчычка. – Былі дадзены рэкамендацыі для клубных устаноў. Я думаю, семінар патрэбны і карысны. Кожны нешта для сябе ўзяў. Што б хацелася адзначыць? У раёне добры фальклорны калектыў, я маю на ўвазе “Крынічаньку”. Але, як кажуць, дасканаласці няма мяжы. На высокім узроўні паказваюць сваю работу майстры па саломапляценні. У раёне жывуць і працуюць выдатныя носьбіты мастацтва выцінанкі. Развіваецца кераміка. Ёсць у рэгіёне элемент нематэрыяльнай спадчыны “Традыцыі прыгатавання поразаўскай банкухі”. Мы яе паказваем на рэспубліканскіх мерапрыемствах, на міжнародных яна таксама пабывала. Разам з тым ёсць над чым працаваць. У першую чаргу – над папулярызацыяй таго, што ёсць. Я думаю, гэта справа часу.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара
© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.