Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
22.12.2021

Магічны сэнс паясоў-абярэгаў. Даведаліся, хто і чаму адраджае ў Шчучыне старадаўнія рамёствы

Ад пакалення да пакалення пераходзіць культурная спадчына, а з ёю – святло, хараство, дабрыня. –  Мне падабаецца асвойваць і адмыслова рабіць тое, што мала хто ўмее, –  і жартам і ўсур’ёз гаворыць Таццяна Лебядзевіч, метадыст-майстар аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ. –  Апошнім часам надзвычай захапіла такое старажытнае мастацтва, як пляценне беларускіх паясоў – без кроснаў, можна сказаць, голымі рукамі. Нацягваю ніці і пачаргова перакідваю іх з пальца на палец – атрымліваецца прыгожы ўзор і арыгінальнае пляценне. Асаблівую ўвагу надаю арнаменту і гарманічнаму спалучэнню колераў. Паступова авалодваю і іншымі тэхнікамі: ткаць на бёрдачку, на шэсць дошчачак і нават на 24! Ад гэтага залежыць шырыня вырабу. Таццяна паказвае свае рукатворныя скарбы і натхнёна распавядае гісторыю гэтага народнага рамяства. Праз пэўны арнамент і сімвалы пояс даўней мог расказаць, да прыкладу, ці жанаты ягоны ўладальнік, з якой ён мясцовасці, бо не толькі плялі-ткалі, а нават завязвалі пояс у розных рэгіёнах па-рознаму! Пояс меў сілу абярэга, а ў нейкай сітуацыі мог паслужыць і замест вяроўкі. Сёння нашы сучаснікі па крупінках збіраюць досвед пра майстэрства плесці і ткаць паясы аўтэнтычныя – уласцівыя менавіта для свайго краю. – Разам з маёй калегай Вольгай Міхайлаўнай Роліч мы зараз займаемся аднаўленнем нашага рэгіянальнага народнага строю,  – распавядае Таццяна Лебядзевіч.  – Дапамагаюць кнігі, даўнія фотаздымкі, гутаркі з доўгажыхарамі. Вельмі шмат карыснага чэрпаем на курсах і майстар-класах, пры абмене вопытам са спецыялістамі Лідскага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Насамрэч наўкола вельмі шмат людзей зацікаўленых у адраджэнні нашай самабытнай спадчыны. А яшчэ ў аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ маюць на мэце ў бліжэйшы час запрасіць спецыяліста, каб адрамантаваць старадаўнія аўтэнтычныя кросны і навучыцца на іх ткаць так, як гэта калісь доўгімі зімовымі вечарамі рабілі нашы прапрабабулі, ствараючы дзівосныя арнаменты тых самых дываноў, посцілак, абрусаў, ручнікоў, што і сёння ўражваюць нас сваёй якасцю “на вякі”, неверагодным спалучэннем і гармоніяй фарбаў, мастацкім густам – словам, сапраўдным мастацтвам.  – Усё гэта нам патрэбна, каб захаваць пераемнасць, –  пераканана Таццяна Лебядзевіч. –  Авалодаўшы колішнімі тэхналогіямі традыцыйных рамёстваў, мы перадаём і будзем перадаваць свае навыкі юным шчучынцам, якія ахвотна займаюцца ў гуртках, з задавальненнем прыходзяць у наш музей, дзе захоўваюцца не проста экспанаты, а часцінкі народнай душы. Так ад пакалення да пакалення пераходзіць культурная спадчына, а з ёю – святло, хараство, дабрыня… dzyannica.by