18.11.2020
17 лістапада ў Свіслацкую раённую бібліятэку былі запрошаны вучні СШ № 2 імя М.П.Масонава на прафілактычную гутарку “Лёгкіх наркотыкаў не бывае”
Каб высветліць
пытанне ці бываюць “лёгкія наркотыкі”,
гутарку пачалі з вызначэння сутнасці з’явы
наркаманіі, абмеркавалі праблему распаўсюджвання
наркаманіі ў грамадстве, у прыватнасці сярод моладзі. Даведаліся, чаму менавіта
падлеткі становяцца лёгкай здабычай і з’яўляюцца
сёння часткай грамадства, адкрытай для
ўсіх небяспек і пагроз.
Запрошаны на
сустрэчу урач-псіхіятр УАЗ “Свіслацкая
ЦРБ” Палтарак Вераніка Анатольеўна абвергла міф, што
існуюць “лёгкія”
наркотыкі, распавяла аб наркатычных сродках, іх дзеянні на арганізм і ўплыў на
здароўе чалавека. Яна растлумачыла, як
дзеянне наркотыкаў здольна змяніць асобу не на гадзіну,
а назаўсёды, ператварыць нармальнага чалавека ў нарказалежнага
хворага, прывесці да цяжкай інваліднасці.
У ходзе гутаркі
фельчар-валеолаг УАЗ “Свіслацкая
ЦРБ” Саўко Людміла
Чаславаўна адказала на пытанні: якія існуюць віды наркатычных сродкаў;
адкуль пайшла гэта назва; як
даведацца ці ўжывае чалавек наркотыкі; куды
звярнуцца, каб пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці.
Яна распавяла аб існуючых прыкметах ужывання наркатычных сродкаў, пра хваробу,
якая выклікана сістэматычным ужываннем рэчываў і якая прыводзіць да глыбокіх
зменаў асобы.
Падводзячы вынік
размовы, рабяты прыйшлі да высновы, што жыць без
наркотыкаў значна лепш і цікавей, жыццё больш багатае
і разнастайнае. Ёсць адзіны сапраўды эфектыўны спосаб не стаць
залежным ад наркотыкаў – гэта ніколі, ні пры якіх абставінах іх не
спрабаваць!
Рабятам да прагляду
быў прапанаваны відэафільм “Прафілактыка
наркаманіі”, уручаны памяткі “Моладзь
супраць наркотыкаў”.