Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.11.2022

Разам 79 гадоў

У «Свіслацкай газеты» 29 лістапада дзень нараджэння. Вось ужо 79 гадоў раёнка прыходзіць у дамы гараджан і вяскоўцаў, знаёміць іх з цікавымі падзеямі, з людскімі лёсамі, з вялікімі і маленькімі дасягненнямі працаўнікоў Свіслаччыны, падзяляе іх радасці і смутак. Нарадзіўшыся ў партызанскай зямлянцы, а гэта здарылася 29 лістапада 1943 года, газета прайшла вялікі шлях ад фармату ў 1/8 газетнага ліста да аб’ёмнай газеты – 24 старонкі ў тыдзень. Яна дапамагала набліжаць дзень вызвалення, заклікаючы партызан і жыхароў раёна біць ненавіснага ворага. Яна клікала на стваральную працу ў пасляваенныя гады. Яна заўсёды была побач з тымі, хто імкнуўся наперад, хто ставіў перад сабой вялікія мэты і дабіваўся іх. Яна і зараз, нягледзячы на свой узрост, па-ранейшаму застаецца маладой, жывой, цікавай і запатрабаванай. Раёнка даўно змяніла сваё аблічча, назву, аб’ём, паліграфічнае выкананне, тэматыку публікацый, у ёй прайшло школу прафесійнага майстэрства нямала журналістаў, але заўсёды ў ёй заставалася галоўнае – яна служыла людзям, распавядала аб асноўных падзеях, якія адбываюцца ў раёне, аб працаўніках, якія прымнажаюць яго славу. З яе старонак чытач даведваўся, як засяваюць палі, будуюць і навучаюць, лечаць і выхоўваюць, займаюцца дабрачыннымі справамі, заваёўваюць спартыўныя вяршыні. Газета жыве жыццём раёна, яе чакаюць, любяць, яна сапраўды свая газета. Газета мае шмат узнагарод – рэспубліканскага, абласнога ўзроўняў. Іх столькі, што не пералічыць. Сярод іх на самым ганаровым месцы дыплом і статуэтка пераможцы ІХ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара». Не раз раёнка была лаўрэатам гэтага галоўнага журналісцкага конкурсу. У розныя гады працавалі ў газеце і пакінулі добры след шмат журналістаў. Дзякуй ім за адданасць слову. А слова, як вядома, – гэта сіла. Бо, як сказаў савецкі журналіст Вадзім Шэфнер, «словом можно убить, словом можно спасти, словом можно полки за собой повести». Шмат гадоў аддалі працы ў газеце Галіна Раманчук, Ядвіга Курыла, Ядвіга Кобрынец, Часлаў Горбач, Ніна Гоўсь, Ніна Валанцей, Наталля Зошчык, Пётр Ражынскі. Сёння хочацца ўзгадаць і ветэранаў-паліграфістаў Аляксандра Янюка, Генаэфу Кандраценка, Зінаіду Македон, Святлану Пацэнка, Анатолiя Неміровіча. Здароўя ўсім вам і дабрабыту! Гавораць, што газета жыве адзін дзень. Але гэта не так. Яна валодае дзіўнай здольнасцю адраджацца ў кожным наступным нумары. Сёння зноў субота, і мы, журналісты, са старонак раёнкі гаворым вам, паважаныя чытачы: «Добры дзень!» Мы і далей будзем услаўляць вас і вашу працу. Марына ЯНЮК